У СВІТАНКА – ЖАНОЧАЕ АБЛІЧЧА

Світанак – прыгожае беларускае слова. Яно азначае пачатак раніцы, узыход сонца, нараджэнне новага дня. Цудоўна, што такую назву носіць вядомае ў Оршы прадпрыемства, на якім працуюць у асноўным адны жанчыны.

Жанчыны, па сваёй сутнасці, прызваны аднаўляць свет. Традыцыйна гэта звязана з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. У жанчын-белашвачак закрытага акцыянернага таварыства “Аршанская прамыслова-гандлёвая фірма “Світанак” ёсць яшчэ адзін прыярытэт – апранаць дзяцей у цёплае і прыгожае адзенне.

Слова “світанак” да твару дырэктару прадпрыемства Людмілы Аляксееўны Кузняцовай (на здымку) – вельмі сардэчнага, светлага і добразычлівага чалавека, улюблёнага ў сваю справу, якой служыць вось ужо 35 гадоў.

Я гартаю яе працоўную кніжку: 1976 год – вучаніца швачкі, 1979-1984 – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута, далей – начальнік швейнага цэха, начальнік аддзела кіравання якасцю, галоўны тэхнолаг і, нарэшце, з 2009 года – дырэктар. За гады вучобы – адны падзякі, за час работы на прадпрыемстве – Ганаровыя граматы ад Аршанскага і Віцебскага гарадскога і абласнога выканкамаў.

Адметна, што пасада дырэктара ў закрытым акцыянерным таварыстве выбарная. Тое, што работнікі аддалі свае галасы за Людмілу Кузняцову, гаворыць аб многім, бо людзі звычайна арыентуюцца не толькі на выдатныя дзелавыя якасці кіраўніка, але і на яго добрыя да сябе адносіны, клопат аб стварэнні належных умоў для працы і адпачынку. Світанкаўцы ў сваім выбары не памыліліся. Напрыклад, сёння яны атрымліваюць дастойную заработную плату. Сярод 23 швейных прадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі, наша стаіць на пятым месцы пасля такіх буйных прадпрыемстваў, як “Мілавіца”, “Элема”, “Людміла”, “Камінтэрн”.

Кіраваць калектывам, адаптаваць яго да новых патрабаванняў часу – вельмі няпростая задача, з якой Людміла Аляксееўна добра спраўляецца. Нездарма па выніках працы за 2011 год Л. Кузняцова атрымала званне “Лепшы кіраўнік года Віцебскай вобласці”.

Праўда, сама яна так не лічыць. Кажа, што вынік работы кіраўніка – гэта справа ўсяго калектыву. І ў яе словах ёсць рацыя. Галоўнае на прадпрыемстве – выпуск высакаякаснай прадукцыі, якая задавальняе патрабаванні спажыўцоў. Якасць на ЗАТ “ПГФ “Світанак” дасягаецца не толькі ў рамках вытворчага цыкла, яна закладваецца яшчэ ў працэсе распрацовак і канструявання. На прадпрыемстве ўкаранёна сістэма менеджменту якасці, якая адпавядае патрабаванням міжнародных стандартаў ІСО серыі 9001. Спецыялістамі праведзена працэдура дабрачыннай сертыфікацыі выпускаемай прадукцыі ў Беларусі і абавязковай сертыфікацыі ў сістэме дзяржстандартаў Расійскай Федэрацыі. За ўкараненне высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю і забеспячэнне на гэтай падставе выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі па выніках работы за 2011 год ЗАТ “ПГФ “Світанак” стала лаўрэатам Прэміі Віцебскага аблвыканкама за дасягненні ў вобласці якасці.

У Беларусі няма жанчын, якія б не былі знаёмы з гандлёвай маркай “Артус”, што прыналежыць аршанскаму прадпрыемству. Гэта можна сказаць і пра расіян. Фірму “Світанак” ведаюць усе, хто аддае перавагу добраму адзенню для сваіх дзяцей. Гэта назва стала сінонімам слоў “якасць”, “прыгажосць”, “сучаснасць”. А інакш і быць не можа, бо пры распрацоўцы новых калекцый аршанскія швейнікі ўлічваюць сучасныя накірункі ў свеце моды. Усе выпускаемыя мадэлі аб’ядноўваюць арыгінальны стыль, разнастайнасць каляровай гамы, камфорт і даступныя цэны. Адзенне з гандлёвай маркай “Артус” абараняе дзяцей ад ветру і захоўвае цяпло ў халоднае надвор’е. Для вытворчасці летняга асартыменту выкарыстоўваюцца натуральныя льняныя тканіны Аршанскага льнокамбіната.

Сёння світанкаўцы маюць вопыт супрацоўніцтва больш чым з 60 кампаніямі далёкага і бліжняга замежжа і пастаянна павышаюць узровень аказваемых паслуг, набываюць вопыт работы з новымі відамі сыравіны і метадамі іх тэхналагічнай апрацоўкі, а таксама ўкараняюць новае абсталяванне, што дазваляе выпускаць вырабы для такіх сусветнавядомых брэндаў, як MEXX, S. Oliver, Valentino, Adidas, Moncler.

У мінулым годзе ў эксперыментальным цэху ўстаноўлена дзявятая версія сістэмы САПР, набыты 19 універсальных і дзве спецыяльныя швейныя машыны. Зроблены рамонт у механічным, эксперыментальным цэхах і ў спартыўнай зале.

Паспяхова для прадпрыемства пачаўся і сёлетні год. Тут размясцілі свае заказы расійскія фірмы, ёсць цікавыя прапановы ад французаў і немцаў. На беларускі і рынкі бліжняга замежжа швейнікі адпраўляюць да веснавога сезона партыі лёгкіх куртак-вятровак, а потым пачнуць выпуск новай калекцыі льнянога адзення для лета. Гатова і адобрана на мастацкім савеце калекцыя дзіцячага адзення да наступнай зімы.

Дырэктар Людміла Кузняцова вызначае палітыку прадпрыемства сумесна з калектывам. Але, калі ёсць мэты і пастаўлены задачы, лічыць яна, кожны адказвае за свой участак работы, і гэта прыносіць станоўчыя вынікі.

Людміла Маршаловіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий