Выкладчыцы роднай мовы прысвячаецца

Для мяне Іна Пятроўна Байкова (на здымку злева) – настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДАСШ №3 і адначасова кіраўнік музея “Слава Настаўніку” – не толькі выкладчыца роднай мовы, але і другая маці. Іна Пятроўна заўсёды падтрымае, супакоіць, дасць параду, дапаможа ў любой сітуацыі, а калі трэба, і пакрытыкуе.

Іна Пятроўна скончыла ВДПІ (сучасны ВДУ імя П. М. Машэрава) у 1978 годзе па спецыяльнасці “Настаўніца беларускай мовы і літаратуры”. Спачатку працавала ў ДАСШ №14, а ў 1992 годзе прыйшла ў нашу школу.

Беларускую мову я вывучала з дзяцінства, але любоў і пашана да яе з’явіліся толькі ў пятым класе, калі я ўпершыню пачула, як сакавіта гучаць родныя словы. Спачатку я хвалявалася, калі прыходзіла на ўрокі Іны Пятроўны, таму што не вельмі добра ведала родную мову і баялася што-небудзь не зразумець. Але з цягам часу гэта пачуццё знікла. Зараз я вольна размаўляю па-беларуску. Дзякуючы ўрокам і факультатыўным заняткам маёй настаўніцы я стабільна атрымліваю дыпломы трэцяй ступені на гарадскіх алімпіядах па роднай мове. Я пачала ўсё больш і больш захапляцца беларускай мовай і літаратурай, адкрыла для сябе і Караткевіча, і Барадуліна, і Быкава. Да кожнага ўрока Іна Пятроўна падбірае цікавыя заданні, якія робяць родную мову больш зразумелай. Яна часта арганізуе сустрэчы з беларускімі паэтамі, празаікамі, кампазітарамі. Экскурсію ў школьным музеі заўсёды слухаеш з захапленнем. Зараз настаўніца дапамагае нам рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання.

Хутка праляцяць апошнія месяцы вучобы ў школе і скончацца ўрокі любімай настаўніцы. Але я спадзяюся, што мы і надалей будзем падтрымліваць адносіны з Інай Пятроўнай і яшчэ не аднойчы ў мяне будзе магчымасць пагутарыць на мове бацькоў і дзядоў, той мове, якая аднойчы кранула маё сэрца і засталася ў ім назаўжды.

В. НОВІКАВА,

вучаніца 11 “Б” класа ДАСШ №3.

Добавить комментарий