ШЧОДРАЯ “КАЛЯДНАЯ СКАРБНІЦА”

1Самы час падумаць аб падарунках для родных і блізкіх, зрабіць неабходныя пакупкі да святочнага стала. Прыцягальным і багатым месцам на разнастайныя тавары ў гэтыя дні з’яўляецца гарадскі Цэнтр культуры, дзе 20 снежня гасцінна адчыніла дзверы для аршанцаў і гасцей горада спецыялізаваная выстава-кірмаш “Калядная скарбніца-2012”, куды з’ехаліся з усіх куткоў Беларусі больш за 30 вытворцаў спажывецкіх тавараў. Арганізатарамі выступіла Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пры падтрымцы Аршанскага гарвыканкама.

Падчас адкрыцця (на здымку ўверсе) гэтай значнай падзеі ў жыцці Оршы старшыня гарвыканкама Мікалай Лісоўскі адзначыў, што такое мерапрыемства – гэта яшчэ адзін упэўнены крок да пакупнікоў, чарговая магчымасць падтрымаць свой брэнд, пацвердзіць якасць вырабляемай прадукцыі. Ён выказаў падзяку Віцебскаму аддзяленню Беларускай гандлёва-прамысловай палаты за арганізацыю выставы-кірмашу, а яе наведвальнікам – прыемных пакупак. У сваю чаргу, генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзмітрый Сяргеенка звярнуў увагу на тое, што “Калядная скарбніца-2012” у Оршы праходзіць упершыню, але можна быць дакладна ўпэўненымі: аршанцы застануцца задаволеныя.

Дарэчы, прыўзняты, па-сапраўднаму перадсвяточны настрой на кірмашы адчуваўся адразу. Наведвальнікі былі прыемна здзіўлены шырокім асартыментам тавараў па прымальных цэнах, а на некаторыя – прадстаўляліся скідкі, звярталі ўвагу на правя­дзенне акцый, а перад тым, як што-небудь набыць, прымалі ўдзел у дэгустацыях.

Як заўсёды, ля стэндаў аршанскіх вытворцаў было шматлюдна. Ахвотна куплялі калбасную і малочную прадукцыю, хлебабулачныя вырабы і г. д. Цікавіліся аршанцы і салодкімі прысмакамі ад бабруйскай фабрыкі “Чырвоны харчавік”, усходнімі ласункамі, швейнымі вырабамі і іншым.

Дарэчы, у рамках выставы-кірмашу “Калядная скарбніца-2012” філіял “Аршанскі хлебазавод” РУПП “Віцебскхлебпром” і ААТ “Чырвоны харчавік” правялі дабрачынную навагоднюю акцыю для выхаванцаў Аршанскага дзіцячага дома. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ад гэтых прадпрыемстваў салодкія падарункі.

Нагадаем чытачам, што 23 снежня – апошні дзень работы “Каляднай скарбніцы”, таму спяшайцеся ў гарадскі цэнтр культуры. Там вы знойдзеце святочную прадукцыю, ёлачныя ўпрыгажэнні, дзіцячыя цацкі і падарункі, прадукты харчавання, вопратку і тэкстыль, прадметы інтэр’еру, вырабы народных промыслаў і рамёстваў, парфумерыю і касметыку, тавары для здароўя, посуд і г. д. Выстава-кірмаш працуе з 9.00 да 19.00.

Настасся ТУРОК.

НА ЗДЫМКАХ: аршанцы і госці горада на спецыялізаванай выставе-кірмашы “Калядная скарбніца-2012”.

Фота аўтара.

 

ШЧОДРАЯ “КАЛЯДНАЯ СКАРБНІЦА”: 1 комментарий

  • 26.12.2012 в 17:09
    Permalink

    почему нигде никакой рекламы? я бы тоже сходила.
    и ,вообще, побольше рекламы о выставках,концертах и т.д. на сайте газеты.

Добавить комментарий