ДАПАМАГЧЫ НАЛАДЗІЦЬ ЖЫЦЦЁ

У Копыскім пасялковым Савеце адбылося чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы парадку, якое ўзначаліў першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Уладзіміравіч Чадзюк (на здымку).

У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, работнікі пракуратуры, міліцыі і іншыя. У пасялковым Савеце кожную трэцюю сераду месяца праводзяцца пасяджэнні савета грамадзянскага пункта аховы парадку.

На гэты раз на пасяджэнне былі запрошаны сем чалавек, але прыйшлі толькі пяць. Амаль усіх іх аб’яднала адна сур’ёзная бяда – алкагалізм. З-за яго яны страцілі спакой, нармальнае жыццё, працу. І цяпер нярэдка парушаюць грамадскі парадак, знаходзяцца пад кантролем міліцыі.

…У свой час многія з гэтых лю­дзей былі прыкладам для іншых, добрымі сем’янінамі і гаспадарамі, займалі адказныя пасады, узнагароджваліся за добрасумленную працу. Падчас пасяджэння жыхары пасёлка – члены савета – неаднаразова зазначалі, што некаторыя з сённяшніх парушальнікаў маюць сапраўды залатыя рукі, могуць справіцца з любой работай. І яны б добрасумленна працавалі на карысць роднай гаспадаркі. Што стала прычынай такой перамены ў жыцці гэтых людзей, мы можам толькі дагадвацца, але пакідаць іх сам на сам са сваёй праблемай нельга. Таму кожны раз савет збіраецца на пася­джэнне не для таго, каб выносіць суровы прыгавор, а дапамагчы чалавеку наладзіць сваё жыццё.

Некаторыя з гэтых людзей не працуюць ужо на працягу некалькіх гадоў, кожны месяц становяцца ўдзель­нікамі пасяджэнняў. “Я змянюся і ўладкуюся на працу”, – гэтым абяцанням ужо ніхто не верыць. Вось, напрыклад, аднаго мужчыну так ні чаму не навучыў нават год прыбывання ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Разам з сынам амаральны лад жыцця вядзе і яго маці-пенсіянерка, дарэчы, чалавек з вышэйшай адукацыяй, настаўніца… Калі сын не пройдзе кадзіраванне і не ўладкуецца на працу, ён зноў будзе накіраваны ў ЛПП. Вось такая сямейная трагедыя. Не лішнім будзе сказаць, што жыццё другога сына гэтай жанчыны таксама згубіў алкагалізм.

Асаблівую ўвагу ў гэтай групе прыцягнуў 20-гадовы юнак. Здаецца, усё жыццё ў яго наперадзе, але якім яно будзе, калі ён ужо ў такім узросце неаднаразова выклікаўся на пасяджэнне? Малады чалавек пражывае з жанчынай, маці трох дзяцей. Дарэчы, ён не адмаўляецца, што двое з іх – гэта яго дзеці. Аднак бацькоўства ён не афармляе, пэўна, жанчыне значна прасцей быць маці-адзіночкай. Юнак не жадае працаваць. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

На жаль, нават пасля сур’ёзнай размовы з членамі савета грамадскага пункта аховы парадку не ўсе ўдзель­нікі пасяджэння зразумелі, наколькі небяспечным з’яўляецца іх сацыяльнае становішча, што трэба мяняцца, і не на словах, а на справе. Некаторыя парушальнікі грамадскага парадку ўсё роўна не прызнавалі сябе вінаватымі перад грамадствам, суседзямі, роднымі і блізкімі. Ды і што казаць, знайшліся сярод іх і такія, хто не пасаромеўся прыйсці на пасяджэнне ў нецвярозым стане.

Тым не менш, такая прафілактычная работа, праводзімая саветамі ГПАП, нярэдка дапамагае дасягнуць канкрэтных вынікаў. Некаторыя грамадзяне ўладкоўваюцца на працу, іншыя – лечацца альбо кадзіруюцца ў нарколага. У адваротным выпадку іх чакае лячэбна-працоўны прафілакторый.

Хочацца верыць, што чарговую размову з першым намеснікам пракурора Віцебскай вобласці А. Чадзюком, пракурорам Аршанскага раёна В. Лапцэвічам, начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Аршанскага РАУС Уладзімірам Клыкоўскім і прадстаўнікамі савета грамадскага пункта аховы парадку Копыскага пасялковага Савета жыхары пасёлка Копысь успрынялі сур’ёзна і зробяць правільны выбар, стануць добрасумленнымі грамадзянамі, за якіх больш не будзе сорамна нікому…

Анжэла ШУРДУКОВА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий