КРОК НАПЕРАД З МТС

“Ці можна сёння ўявіць сучаснага аршанца без мабільнага тэлефона” –спытаеце вы. Адказ будзе просты, але змястоўны: “Не”. Дзякуючы аператарам мабільнай сувязі мы заўсёды трымаем руку на пульсе жыцця. Час бяжыць няспынна. Мінула вось ужо 10 гадоў, як у Віцебскай вобласці пачаў працаваць адзін з буйнейшых аператараў сотавай сувязі ў Беларусі – МТС.

За дзесяцігоддзе свойго існавання МТС сталі надзейнымі партнёрамі і сябрам “Аршанкі”. Нашы чытачы пастаянна знаёмяцца з навінкамі кампаніі дзякуючы рэкламным артыкулам і модулям, якія змяшчаюцца на старонках выдання. І мы вельмі даражым гэтым сяброўствам, бо ведаем: побач з намі надзейныя людзі.

На мінулым тыдні кампанія МТС запрасіла нас да ўдзелу ў прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да дзесяцігоддзя дзейнасці кампаніі на Віцебшчыне, якая адбылася ў абласным цэнтры. На пытанні журналістаў электронных і друкаваных СМІ адказалі першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Яўген Бранцаў і дырэктар Віцебскага філіяла МТС Уладзіслаў Андрэйчанка. Яны расказалі, што сёння ў Віцебскай вобласці налічваецца больш за 1 мільён 25 тысяч актыўных абанентаў МТС, што складае 85% насельніцтва паўночнага рэгіёна. На працягу 10 гадоў кампанія право­дзіць маштабную работу па будаўніцтве ўласнай інфрастуктуры. У Оршы сувязь МТС з’явілася ў канцы 2003 года, а з улікам якасці абслугоўвання кліентаў пачалі адкрывацца салоны сувязі, кропкі продажаў камерцыйных прадстаўнікоў МТС. Дарэчы, сёння з 11 салонаў сувязі МТС два працуе ў Оршы. Вялікая ўвага з боку сотавай кампаніі надаецца карпаратыўным кліентам. І тут, прыемна зазначыць, у спісе самых актыўных знаходзіцца Аршанскі авіярамонтны завод. На ліку МТС нямала і сацыяльных праектаў, канцэртных праграм у рамках дзён гарадоў, сярод якіх ёсць і Орша. Па словах Уладзіслава Андрэйчанкі, самым папулярным тарыфным планам у абанентаў Віцебшчыны з’яўляецца “Отличный», а самыя “размаўляючыя” населеныя пункты рэгіёна – Віцебск, Паставы, Наваполацк, Заслонава, Глыбокае, Міёры, Полацк, Орша, Лепель і Новалукомль. У 2012 годзе самы актыўны абанент МТС Віцебскай вобласці заставаўся на лініі аж 119 дзён!

“Каманда Віцебскага філіяла МТС шмат зрабіла для таго, каб адзначыць юбілей у статусе безумоўнага лідара Віцебскага рэгіёна. Прызнанне і давер большасці жыхароў сталі магчымымі дзякуючы пастаяннай зваротнай сувязі і прафесіяналізму ў рабоце, высокаму узроўню абслугоўвання, развітай інфраструктуры і даступнасці перадавых паслуг. Назапашаны вопыт дазволіць МТС крочыць далей. У бліжэйшай перспектыве прыярытэтным накірункам развіцця для нас з’яўляецца мабільны інтэрнэт”, – адзначыў дырэктар Віцебскага абласнога філіяла МТС У. Андрэйчанка.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий