АПОШНІ ВАЛОК

Работнікі СГФ “Браздзетчына” на ўборцы апошняга валка.

Корманарыхтоўку работнікі гаспадаркі пачалі ў першых лічбах чэрвеня. Каб укласціся ў адпаведныя агратэхнічныя тэрміны, працавалі ўвесь светлавы дзень. Механізатары Аляксандр Юхнавец, Руслан Кашталёў, Андрэй Хамяніцкі ў поўную сілу працавалі на касілках. Стараліся выкарыстаць кожную пагодлівую гадзіну. Свае абавязкі аператыўна выконвалі Міхаіл Якіменка, які працаваў на здрабляльніку, Аляксандр Кавалькоў, Сяргей Кашталёў і Юрый Паханаў (яны былі занятыя на адвозцы). Не менш адказныя ўчасткі работы былі і ў Арцёма Якіменкі, а таксама Васіля Мураў’ёва і Андрэя Паханава. Арцём быў заняты на зграбанні валкоў, а трамбоўкай сянажнай масы на трактары К-700 і “Амкадоры” займаліся Васіль і Андрэй.

Адметна, што ў касьбе прымалі ўдзел два сямейныя падрады: бацька і сын Кашталёвы і Якіменкі, а яшчэ браты Паханавы. Дырэктар СГФ “Браздзетчына” Валерый Савіцкі адзначае, што ў такім тандэме работа на нарыхтоўцы кармоў ішла зладжана. Адчуваўся камандны дух, жаданне адзін аднаму дапамагчы, падтрымаць.

У той жа час намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” Анатоль Рандарэвіч адзначае, што актыўны ўдзел у касьбе прымалі і работнікі камбіната. Яны паклапаціліся, каб занятыя на полі людзі былі забяспечаны гарачым харчаваннем. Дапамагалі ў адвозцы сена і сенажу, а адміністрацыя камбіната ўзяла на сябе задачу па забеспячэнні запаснымі част­камі да корманарыхтоўчай тэхнікі.

Так, агульнымі сіламі СГФ “Браздзетчына” нарыхтаваў 155 тон сена і 2770 тон сенажу. А гэта складае 12,45 кармавой адзінкі на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы.

Застаецца зусім мала часу, каб перавесці дух, набрацца новых сіл перад чарговым этапам сельскагаспадарчых работ. Наперадзе яшчэ другі ўкос траў, а там і ўборачная кампанія не за гарамі. У СГФ “Браздзетчына” ўпэўнены – з усімі задачамі справяцца ў адпаведныя тэрміны, на высокім тэхналагічным і арганізацыйным узроўні.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий