Верце ў сябе, і хвароба адступіць

Больш за 30 гадоў Таццяна Мікітаўна Чарняўская працуе ў медыцыне. Свой жыццёвы шлях яна вызначыла яшчэ ў дзяцінстве, калі аднойчы прыйшла да матулі і заявіла, што, як толькі падрасце, абавязкова стане доктарам. Абгрунтавала маленькая Таццяна свой выбар тым, што людзі ў белых халатах пазбаўляюць іншых ад пакут, дапамагаюць ім быць шчаслівымі. А якое ж шчасце, калі няма здароўя? Дзіцячая мара аб медыцыне не знікла і ў юнацтве, наадварот, жаданне ісці да сваёй мэты толькі -ўзмацнялася. Таму пасля заканчэння школы Таццяна Мікітаўна адразу паступіла ў Аршанскае медыцынскае вучылішча. Вучыцца ёй заўсёды было цікава. Усе спецыяльныя прадметы “даваліся” лёгка. А бывала, яна лавіла сябе на думцы, што вось гэтыя мудрагелістыя медыцынскія задачкі яна чамусьці ведае. Гэта ўжо пасля зразумела, што і, сапраўды, жыццёвы шлях абрала невыпадкова. Вышэйшую адукцыю Таццяна Чарняўская атрымала ў Мінскім медыцынскім інстытуце. На трэцім курсе яна вызначылася з далейшай спецыялізацыяй: захацела быць урачом-неўролагам. Таццяна Мікітаўна расказвае, што выкладчыкі кафедры неўралогіі з такім захапленнем чыталі лекцыі студэнтам, што проста нельга было не зацікавіцца. Студэнцкія гады праляцелі так хутка, што малады дыпламаваны спецыяліст не заўважыла, як трэба было пачынаць дарослае жыццё і ісці на свой хлеб. Па размеркаванні Таццяна Чарняўская была накіравана ў сваю родную альма-матэр – Аршанскае медыцынскае вучылі-шча. Там яна працавала выкладчыкам восем гадоў, а практыкавалася на палову стаўкі ў аддзяленні неўралогіі паліклінікі льнокамбіната. У 1988 годзе пабудавалі паліклініку №3. Сюды яна прыйшла працаваць ужо практычным урачом-неўрапатолагам, адзін час была фізіятэрапеўтам. А з 1996 года яна ўзначальвае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. Ёсць такі выраз, што ўсе хваробы ад нерваў. А вось Таццяна Мікітаўна з ім не згодна. Бываюць- розныя прычыны, па якіх чалавек можа “набыць” нервовыя хваробы: гэта ўмовы жыцця і працы, генетычная схільнасць, няшчасныя выпадкі і г.д. Канечне, такія хваробы, як інсульт, дыскагенны радыкуліт і іншыя цяжка паддаюцца лячэнню, аднак многае залежыць і ад аптымістычнага настрою самога па-цыента. Самае галоўнае правіла на шляху да папраўкі – верыць у свае сілы, быць настойлівымі, мужнымі, цярплівымі. А ўрач зробіць усё магчымае, каб пацыент пераадолеў сваю хваробу.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий