ШАНУЙЦЕ “ЎЗОРЫ СПАДЧЫНЫ”!

Жадаеце хоць на некалькі хвілін вырвацца з палону асфальту, бетону і металу – адпраўляйцеся ў Аршанскі этнаграфічны музей “Млын”. У Дзень горада тут пачала працаваць выстава “Узоры спадчыны” (на здымках). Жыхары і госці нашага краю ўбачаць страчавышытую прадукцыю Аршанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў і апынуцца ў атмасферы спакою і гармоніі.

Заходзіш у выставачную залу музея – і вочы разбягаюцца: тут заззяў рознакаляровымі фарбамі сапраўдны дзівосны сад, у якім знайшлося месца і для “Райскіх кветак”, “Дзьмухаўца”, “Рабінушкі”, “Рамонкаў”, “Васількоў”, “Лілей”, а сярод іх – “Райскія птушкі” і паважная “Жар-птушка”. Ні адна модніца не зможа прайсці міма вытанчаных сукенак, у якіх хоць зараз можна выходзіць на подыум і станавіцца пераможцай конкурсаў прыгажосці.

Заглянем у гісторыю Аршанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Пачалася слаўная гісторыя знакамітага прадпрыемства ў 1935 годзе, калі ў нашым горадзе стала працаваць артэль “20 лет Кастрычніку”, на базе якой пазней і была створана фабрыка. Сёння тут працуе плеяда маладых спецыялістаў: гэта канструктары Аксана Пінчук, Таццяна Катышава, мастак і дызайнер аддзення Наталля Марозава, мастакі па вышаўцы Вераніка Сугакава і Вольга Раманоўская. У кожнага з іх свой почарк.

Вядучы мастак Аршанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў Святлана Дзянісава падчас адкрыцця выставы зазначыла: “Тое, што вы бачыце зараз у музеі “Млын”, – гэта штодзённая цікавая праца. Калектыў у нас вельмі дружны і таленавіты, таму і работы атрымліваюцца такімі душэўнымі. Чаму менавіта лён мы выбіраем для сваіх вырабаў? Менавіта гэтая натуральная тканіна можа сагрэць у век урбанізацыі. Сёння перад усімі галінамі прамысловасці пастаўлена задача захаваць традыцыйныя рамёствы. Мяне не можа не радаваць, што моладзь, якая прыходзіць да нас на працу, валодае выдатным пачуццём тканіны, надзеленая добрым густам. Спадзяюся, што яны зберагуць традыцыі”. Дарэчы, Святлана Уладзіміраўна працуе на фабрыцы з 1985 года і па яе распрацоўкам вырабляліся спецыяльныя заказы для Дома міласэрнасці, сталовы асартымент для банкетных залаў і многае іншае. Калі будзеце ў Белавежскай пушчы, звярніце ўвагу на касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі – гэта таксама працы С. Дзянісавай.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №80 за 13 июля 2013 года).

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий