ЗАДАЧА – ПАЛЕПШЫЦЬ ПАКАЗЧЫКІ

У чэрвені сёлетняга года былі падведзены вынікі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2012 годзе. Сярод пераможцаў шмат сяльчан Аршанчыны, у іх ліку аператар па абслугоўванні дойнага статка ААТ “Роскі Сялец” Сяргей Масаловіч (на здымку).

Сяргей Уладзіміравіч – жывёлавод, працуе ў гаспадарцы з 1990 года, адказвае за выпас дойнага статка, і не толькі. Ён з веданнем справы дапамагае выконваць свае абавязкі і заатэхніку, і ветэрынарнаму ўрачу, і тэхніку, занятаму на работах па штучным асемяненні кароў і цялушак, і, безумоўна, даяркам.

– Я працую з напарнікам Андрэем Румо, – расказвае ён, – зараз статак на пашы захоўваецца і днём, і ноччу. Увесь час мы яго даглядаем, пакуль праз суткі нас не зменіць другая брыгада.

Трэба адзначыць, у Роскім Сяльцы робіцца сур’ёзная стаўка на ўкараненне заатэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы, паляпшэнне выкарыстання пагалоўя, кармоў, пашаў, жывёлагадоўчых памяшканняў. Сяргей Масаловіч – адзін з тых спецыялістаў, хто клапоціцца пра агульную справу ўсім сэрцам. Зімой ён падае на ферму кармы, летам – даглядае статак на зялёных пашах. Галоўнае для яго: каб жывёла была сытай, а гэта значыць, давала як мага больш малака.

Сяргей Уладзіміравіч уста­наўлівае на пашы загоны з электрапастухом. У іх размяшчае ёмістасці з вадой і соллю. Як толькі зеляніна заканчваецца, тут жа загоны перасоўваюцца на новыя ўчасткі.

Сяргей Уладзіміравіч – добры сем’янін. З жонкай Любоўю Паўлаўнай яны выхавалі пяцёра дзяцей. Зараз даглядаюць аднаго з унукаў. Партрэт С. Масаловіча занесены на Дошку гонару прадпрыемства, сёлета кіраўніцтва ААТ “Роскі Сялец” за добрасумленную працу ўручыла яму Ганаровую грамату.

Людміла ЛЮДМІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий