Сяргей Зылеў і Пётр Кушчанкоў з СГЦ «Задняпроўскі» насушылі 3960 тон зерня

У аператараў зернесушыльных комплексаў не менш адказная задача, чым у камбайнераў і іншых спецыялістаў, занятых на ўборцы ўраджаю.
І гэта Сяргей Фёдаравіч Зылеў з дзяржаўнага прадпрыемства “СГЦ “Задняпроўскі”, які ўжо другі сезон працуе на сушыльным агрэгаце КЗС-40Г-Н, добра разумее. Разам са сваім калегам Пятром Міхайлавічам Кушчанковым яны выйшлі ў лідары сярод іншых машыністаў зернетакоў раёна. На 5 жніўня іх паказчык – 3960 тон высушанага зерня.
У панядзелак на змену заступіў Сяргей Зылеў. Работы ў гэты гарачы для ўсіх аграрыяў сезон хапае ўсім. На зернесушыльным комплексе сельскагаспадарчага прадпрыемства таксама ідзе бесперапынны працэс. Аператар сушыльнай устаноўкі Сяргей Зылеў пры размове зазначае, што галоўнае ў яго рабоце – аператыўнасць, якасць, сур’ёзны падыход да справы. Многаму ён вучыцца ў свайго вопытнага калегі Пятра Кушчанкова, які ведае агрэгат КЗС-40Г-Н з першага дня яго запуску.
На “Задняпроўскім” Сяргей Фёдаравіч працуе з 1984 года дзяжурным электрыкам, а пад час жніва ён – аператар зернесушыльнага комплексу. Як давялося з Пятром Кушчанковым выбіцца ў лідары, і сам не ведае. У гэтыя жніўныя дні аб перамогах і дасягненнях няма калі думаць. На ўліку кожная хвіліна, і хлебаробы імкнуцца выкарыстаць яе рацыянальна.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий