АНДРЭЙ КАЛАЧОЎ ПРАЦЯГВАЕ СЯМЕЙНУЮ ДЫНАСТЫЮ

У вадзіцеля адкрытага акцыянернага таварыства “Агракамбінат “Юбілейны” Андрэя Калачова ёсць добры прыклад для пераймання. Яго бацька Уладзімір Васільевіч, які аддаў рабоце ў сельскай гаспадарцы шмат гадоў, заўсёды быў паважаным чалавекам у калектыве. Таму і сын, гледзячы на яго, узяў самыя лепшыя якасці, неабходныя для паспяховай працы.

На сёлетнім жніве Андрэй з’яўляецца лідарам сярод маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня. Па стане на 12 жніўня на трактары МТЗ-1221 ён перавёз 1601 тону збожжа. Але, як сцвярджае малады чалавек, гэта для яго неканчатковы вынік. Трэба імкнуцца да больш высокіх паказчыкаў. Вялікае жаданне працаваць, а яшчэ ў дадатак стымул зарабіць уласныя грошы падштурхоўваюць Андрэя ставіць перад сабой новыя мэты і рэкорды.
– Я ўжо другі год працую вадзіцелем на жніве, і мне падабаецца, – дзеліцца сваімі ўражаннямі хлопец. – На нашым прадпрыемстве працуюць шмат хлебаробаў, якія з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі. Я стараюся раўняцца на іх, а ў першую чаргу, на свайго бацьку, які таксама ў лідарах сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. Проста не маю права падводзіць яго.
Трактар Андрэя Калачова можна адрозніць па чыр-воным флажку, які прыстасаваны на самым бачным месцы – даху машыны. Гэта сімвал таго, што вадзіцель у ліку лепшых на жніве. Для Андрэя ён вельмі каштоўны, і малады чалавек пастараецца не падвесці ні свайго бацьку, ні прадпрыемства, якія вераць у яго поспех.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий