Першая тысяча – крок да перамогі

Лёгкага хлеба не бывае, бо сяльчанам прыходзіцца прыкла-даць шмат намаганняў, каб каравай -Аршаншчыны быў важкім. Ён салодкі і салёны адначасова. Салодкі, таму што наліты сонцам і цяплом, а салёны ад поту хлебаробаў, якія ад світання да прыцемак -збіраюць ураджай.

У пятніцу аршанскія аграрыі намалацілі першую тысячу тон зерня, якая стала першым крокам да перамогі ў сёлетняй уборачнай кампаніі. Наш раён заўсёды трымае лідзіруючыя пазіцыі на жніве. Не зніжае ён сваіх тэмпаў і ў гэтым годзе. А героямі хлебнай нівы ўжо другі год запар становяцца механізатары СВК “Купалаўскі”. На гэты раз першая тысяча тон зерня, а дакладней, 1044 тоны – у старшага камбайнера Вячаслава Сярнова і яго памочніка Уладзіміра Мігдалёва, якія раздзялілі перамогу з лепельскімі калегамі. Браты Жарнасекі намалацілі сваю тысячу ў першай палове дня, а літаральна праз гадзіну-другую да лідзіруючай прыступкі падабраліся і аршанцы, таму ў абласным камітэце прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу было прынята рашэнне ўзнагародзіць і лепельскіх, і аршанскіх хлебаробаў, якія сталі першымі тысячнікамі ў хлебным марафоне Віцебскага рэгіёна.

Выказаць шчырыя словы падзякі, павіншаваць пераможцаў з поспехам і настроіць на “жніўны лад” усіх механізатараў СВК “Купалаўскі” прыехалі ў гэты дзень старшыня абкама прафсаюза АПК Аляксандр Кузьмянкоў, першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Андрэй Канстанцінаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Надзея Стаховіч, старшыня райкама прафсаюза АПК Віктар Мурашка і старшыня СВК “Купалаўскі” Уладзімір Кавалёў.

На полі за вёскай Казловічы-2 работа ішла высокімі тэмпамі. Механізатары спынілі камбайны літаральна на паўгадзіны, каб прыняць удзел ва ўрачыстасці.

Сціплы, негаваркі камбайнер Вячаслаў Сярноў крыху саромеўся, калі ў яго адрас высокія госці гаварылі словы падзякі. Вячаславу Анатольевічу і яго маладому памочніку Уладзіміру Віктаравічу Мігдалёву ўручылі Ганаровыя граматы і падарункі ад абкама прафсаюза АПК, райвыканкама, райкама прафсаюза АПК і прадпрыемства, дзе яны працуюць.- А вось калектывы мастацкай самадзейнасці раёна дапамаглі стварыць святочны настрой.

Што спрыяла такому поспеху, хлебаробы-тысячнікі не ведаюць. Яны з першымі промнямі сонца пачынаюць жніво, а завяршаюць працу далёка за поўнач. Пра перамогу думаць некалі, бо ў такую гарачую пару не толькі збожжа залатое, а і кожная хвіліна. Для Вячаслава Сярнова і Уладзіміра Мігдалёва ўборачная кампанія падобная на спартыўнае спаборніцтва, пад час якога ў галаве толькі адна думка – наперад, ні на што не зважаючы.

…Тугія каласы важка гойдаюцца пад гарачым павевам ветру, нібы перашэптваюцца паміж сабой, спяшаючыся ў стотысячны каравай Аршаншчыны.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий