Размаўляй са мной па-беларуску. Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы

Паводле агляду, які падрыхтаваў Нацыянальны статыстычны камітэт да свята, у бягучым годзе па ўсёй краіне на беларускай мове навучаюцца толькі 45 тыс. дзяцей у дашкольных установах (11% ад агульнай колькасці), 142 тыс. школьнікаў (15%). Сярэднюю спецыяльную адукацыю на беларускай мове атрымаюць больш за 1000 навучэнцаў (1%), вышэйшую – толькі 600 (0,2%) студэнтаў ВНУ.

Такім чынам, свядома выбірае беларускую для зносін зусім малая колькасць маладых людзей. І калі ў сталіцы або абласных гарадах на вуліцы яшчэ калісь чуваць роднае слова, на перыферыі гэта здараецца вельмі рэдка.
Вось вам просты прыклад, невялікі сацыяльны эксперымент. У жыцці я, як і большасць беларусаў, размаўляю на рускай мове. Але ж аднойчы вырашыла зрабіць інакш. Завітала ў мэблевую краму. Хаджу, разглядаю шафы і кухонныя гарнітуры. Праз колькі часу прадавец звяртае на мяне ўвагу: “Девушка, вам что-то подсказать?”. “Дзякуй, не трэба, – адказваю. – Я пакуль што прыглядаюся”. Простая фраза, зразумець якую вельмі лёгка чалавеку, які калі-некалі чуе беларускую мову. Але ж у адказ ад прадаўца я атрымала толькі здзіўлены погляд. Акругліўшы вочы, мужчына некалкі секунд глядзеў на мяне, а потым увогуле, не сказаўшы ні слова, развярнуўся і пайшоў… Сказаць, што я здзівілася – не сказаць нічога. Чаму б аршанцам не вывучаць беларускую па творах земляка Уладзіміра Караткевіча? Яна ў іх сакавітая, багатая. Па асабістым прыкладзе ведаю: варта некалькі месяцаў пачытаць кнігі на роднай мове – не заўважаючы, пачынаеш думаць на ёй.
… Колькі часу таму давялося перажыць вялікае здзіўленне: прыпынкі ў грамадскім транспарце Оршы пачалі аб’яўляць па-беларуску. Але шчасце, як і заўсёды, было кароткае. Добрая справа зменшылася напалову праз дрэнную рэалізацыю. Цяпер на кароткім адрэзку аўтобуснага маршруту з’явіліся прыпынкі ДОРОРОРС (замест ДОРОРС), вуліца імя Молакава (замест вуліца Молакава), чугуначны вакзал (замест чыгуначны), упраўленне па спрацы (замест працы), зАнятасці (замест занЯтасці) і сацыяльнай абароне. І, калі не правесці работу над памылкамі, колькі аршанцаў і гасцей нашага горада могуць палічыць такое вымаўленне адпаведным норме?
Наша мова – прыгожая. Літаратурная беларуская мова – гэта вянок творчасці нашых знакамітых песняроў, народна любімых паэтаў. Добра, што іх імёны мы ўсе ведаем на памяць. Але ж імкнуцца да таго, каб магчы хаця б проста падтрымаць гаворку па-беларуску, трэба кожнаму беларусу. Інакш што мы зможам перадаць сваім дзецям? Між тым, кожны пяцікласнік, які толькі пачаў вывучаць гісторыю, ведае: мова – гэта абавязковая прыкмета народа. Мы без яе – нікуды.

Іна КАСІНЕЦ.

One thought on “Размаўляй са мной па-беларуску. Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы

  • 26.02.2014 в 00:20
    Permalink

    Чытаю,пішу ,размауляю і сьпяваю па-беларуску.
    Лявон.

Добавить комментарий