ПАКЛІКАЛА ХЛЕБНАЯ НІВА

Аграрыі сельскагаспадарчага філіяла “Браздетчына” адкрытага акцыянернага таварыства “Аршанскі мясакансервавы камбінат” пачалі ўбіраць азімую пшаніцу з пло­шчы 250 га. Пакуль працуюць два экіпажы камбайнераў і тры адзінкі тэхнікі на адвозцы зерня. У хуткім часе на поле выйдуць і астатнія камбайны, у тым ліку і два новыя КЗС-1218-11, выдаткаваныя гаспадарцы ў лізінг, на якіх будуць працаваць вопытныя спецыялісты.

IMG_0821

Да ўборачнай кампаніі ўсё гатова, – расказвае дырэктар СГФ “Браздетчына” Юрый Капітанаў. – Для аператыўнага рашэння пытанняў рамонту тэхнікі створана звяно, спецыялісты яго ўкамплектаваны перасоўным зварачным апаратам і іншым неабходным інструментам. Належным чынам арганізавана двухразовае гарачае харчаванне занятых на жніве сіламі нашага галоўнага прадпрыемства – Аршанскага мясакансервавага камбіната. Дапамогуць шэфы і з тэхнікай на адвозцы, якія выдаткавалі тры МАЗы і ГАЗ-53. Кожную раніцу на дошку Гонару будуць вывешвацца імёны пераможцаў, у іх гонар будзе ўзды­мацца флаг. Праўленнем гаспадаркі таксама прадугледжаны меры дадатковага стымулявання хлебаробаў, вадзіцеляў, спецыялістаў, задейнічаных на сушцы і сартаванні зерня. Адметна, што ў “Браздзетчына” да ўборкі ўраджаю прыступіць некалькі сямейных падрадаў. Так, побач з галоўным інжынерам гаспадаркі Канстанцінам Сямёхіным брыгадзірам у паляводстве шчыруе сын Станіслаў, а другі – Ілья – задейнічаны на сушцы зерня. У поле выйдзе і сямейны экіпаж Юхнаўцоў. За штурвалам будзе сын Аляксандр, а бацька Уладімір Анатольевіч – у памочніках. Вось і паклікала хлебная ніва працаўнікоў сяла, а гэта значыць, што для ўсіх аграрыяў Аршаншчыны наступае “гарачы” сезон.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

На здымку: камбайнеры перадаюць дырэктару СГФ “Браздзетчына” Ю. Капітанаву першы сімвалічны сноп з новага ўраджаю.

Добавить комментарий