ЗЕРНЕ ЛЮБІЦЬ КЛАПАТЛІВЫЯ РУКІ

Ордэна Леніна СВК “Ларынаўка” штогод стабільна трымае лідзіруючыя пазіцыі на жніве. Некалькі гадоў запар хлебаробы гаспадаркі Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі намалочваюць тысячу і больш тон зерня і з’яўляюцца пераможцамі раённага спаборніцтва сярод работнікаў, занятых на ўборцы ўраджаю.

IMG_1467

Калі папрасіць старшыню СВК “Ларынаўка” Аляксандра Кухцянкова (на здымку) вывесці формулу поспеху, ён, не задумваючыся, адкажа, што ўся справа ў выкананні ўсіх тэхналагічных элементаў. З іх і складаецца адзін цэласны ланцужок. Калі зрабіў усё правільна – зямля спаўна ўзнагародзіць хлебароба: і важкім коласам, і высокай ураджайнасцю. Зерне, як і ўсё, да чаго мы дакранаемся, любіць пяшчоту і клапатлівыя рукі.
Сёння на асобных палях сельскагаспадарчага прад­прыемства ўраджайнасць дасягае 75 ц/га (!), а ў сярэднім (па стане на 4 жніўня) яна складае 63,5 ц/га. Намалочана 3777 тон збожжа з 595 га. Усяго ў гаспадарцы неабходна ўбраць 800 га зерневых і зернебабовых культур.
За ўсімі лічбамі і ўзорнымі паказчыкамі стаіць напружаная, самаадданая праца ўсяго калектыву СВК, дзе добра ведаюць, што зна­чыць вырасціць і сабраць хлеб. Таму і не дзіва, што камбайнеры “Ларынаўкі” заўсёды сярод першых у раёне і нават вобласці, намалоч­ваюць тысячу, паўтары, дзве тысячы тон зерня, і адпаведна з’яўляюцца прызёрамі рэспубліканскіх “Дажынак”.
Жніво – гэта вянец працы хлебароба. І зараз аграрыі СВК “Ларынаўка” не губ­ляюць ніводнай хвіліны, каб сабраць з палёў кожнае залатое зярнятка і атрымаць пасля духмяны каравай хлеба з новага ўраджаю.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий