ПЕРШАЯ ТЫСЯЧА – СМЕЛЫ КРОК ДА ПЕРАМОГІ

Каб каравай Аршаншчыны быў важкім і смачным, хлебаробам прыходзіцца ў гэтыя дні нялёгка. Ад світання да прыцемак яны збіраюць ураджай. Калгасныя палеткі зараз нагадваюць бойкую дарогу, дзе ні на хвіліну не змаўкаюць маторы камбайнаў, трактараў, вялікагрузных машын. 

IMG_1403

У пятніцу маладзёжны экіпаж камбайнераў з ДП “СГЦ “Задняпроўскі” Сяргея Шаў­лінскага і Арцёма Раманоўскага, а таксама вадзіцеля на адвозцы зерня Дзяніса Лабацэвіча шанавалі з першым намалотам на Віцебшчыне тысячы тон зерня. Разам з імі віншаванні прымалі камбайнеры-тысячнікі з СВК “Ларынаўка” Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі, Ігар Болцікаў з ІП “Штотц Агра-Сервіс Міцькаўшчына”. Наш раён заўсёды трымае лідзіруючыя пазіцыі на жніве. Не зніжае ён сваіх тэмпаў і ў гэтым годзе. А героямі хлебнай нівы ўжо другі год запар становяцца механізатары “Задняпроўскага” і “Ларынаўкі”. Першая тысяча тон зерня на Віцебшчыне была намалочана на КЗС-1218 31 ліпеня маладым экіпажам у складзе Сяргея Шаўлінскага і Арцёма Раманоўскага (ДП “СГЦ “Задняпроўскі”). І ў гэты ж дзень пераадолелі тысячны рубеж на “Лексіоне-580” прадстаўнікі СВК “Ларынаўка” Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі, хлебароб ІП “Штотц Агра-Сервіс Міцькаўшчына” Ігар Болцікаў на “Лексіоне-480”.
Дзясяты сезон на жніве ў біяграфіі маладога камбайнера Сяргея Шаўлінскага – гэта добры прафесійны падмурак для такіх дасягненняў, як тысяча тон. Ён двойчы быў у прызёрах на “Дажынках”. Добры тэмп задае і вадзіцель на адвозцы Дзяніс Лабацэвіч. Па стане на 1 жніўня ён перавёз 1090 тон зерня.
Не першы тысячны рэкорд на жніве і ў Мікалая Захарэнкі і Сяргея Каткоўскага з “Ларынаўкі”. Некалькі гадоў запар яны намалочваюць тысячу і больш тон зерня. Вось і сёлета, што называецца, тры­маюць сваю марку.
Павіншаваць лідараў жніва з тысячнымі намалотамі адразу на поле прыехалі старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі і яго намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Канстанцін Савін, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Кузмянкоў, старшыня райкама прафсаюза АПК Алег Макарэвіч.
Падчас шанавання маладых хлебаробаў быў зачытаны віншавальны адрас ад старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Косінца. У сваю чаргу, старшыня райвыканкама Мікалай Лісоўскі шчыра павіншаваў кожнага віноўніка ўрачыстай цырымоніі з дасягненнем высокіх паказчыкаў на хлебнай ніве, пажадаў і далей тры­маць высо­кую планку, упэў­нена ісці да двух- і нават трохтысячнага намалоту. Да слоў старшыні далучыліся і астатнія госці. У гонар рэкардсменаў адразу ў полі быў арганізаваны міні-канцэрт.
Уборачная кампанія нагадвае спартыўнае спаборніцт­ва, падчас якога хлебаробаў апаноўвае толькі адна думка – рушыць наперад, ні нашто не зважаючы. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што на аршанскіх палетках абавязкова будуць новыя рэкорды і дасягненні.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: маладых хлебаробаў ДП “СГЦ “Задняпроўскі” ўшаноўвалі кіраўніцтва раёна і абкама прафсаюза работнікаў АПК.

Добавить комментарий