Славім хлеб залаты і людзей залатых

Напружанай для хлебаробаў сёлета выдалася ўборачная кампанія. Кожны цэнтнер зерня прыходзілася літаральна “адваёўваць” у спякотнае надвор’е, каб да краёў запоўніць засекі Аршаншчыны новым ураджаем. Але і з гэтай задачай сельгаспрадпрыемствы нашага раёна справіліся паспяхова, намалаціўшы 94101 тону зерня пры ўраджайнасці 27,6 цэнтнера з гектара.

Былі на хлебнай ніве і свае рэкардсмены, пра поспехі якіх “Аршанская газета” паведамляла чытачам пастаянна. Сярод пераможцаў – як вопытныя, так і маладыя механізатары.

На мінулым тыдні дэлегацыя ў складзе дзесяці прадстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Аршаншчыны пабывала ў  Лі-дзе, сталіцы сёлетніх “Дажынак”, і прыняла ўдзел у гэтым грандыёзным свяце працаўнікоў сяла, атрымала віншаванні і падарункі. Гэта галоўны інжынер ААТ “Птушкафабрыка Аршанская” Ягор Баранкевіч, старшы камбайнер СВК “Купалаўскі” Станіслаў Сярноў, старшы камбайнер СВК “Ларынаўка” Мікалай Захарэнка, старшы камбайнер і камбайнер ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аляксей Парчэўскі і Ігар Клімянкоў, старшы камбайнер і камбайнер РСУП “СГЦ “Задняпроўскі” Дзмітрый Бязлюдаў і Ула-дзімір Бахіраў, вадзіцель СВК “Ларынаўка” Сяргей Каткоўскі, вадзіцель ААТ “Аршанскі райаграсервіс” Аляксандр Карманаў, вадзіцель СВК “Новая зара” Дзмітрый Карабанаў. Усе хлебаробы былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі, а малады механізатар Аляксей Парчэўскі з ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”, які, дарэчы, ужо двойчы ўдзельнік “Дажынак”, вярнуўся дадому на новенькім аўтамабілі.

Па словах удзельнікаў Аршанскай дэлегацыі, свята-кірмаш у Лідзе ў кожнага з іх пакінула самыя яскравыя ўражанні. Сам  старажытны горад выглядаў урачыстым і прыгожым. А калі праходзіла шэсце дэлегацый, здавалася, што вялікую каманду з Віцебскай вобласці сустракалі з асаблівай цеплынёй.

Настасся ТУРОК

Добавить комментарий