І не знікаць паэту вечна

Старажытная Аршаншчына, прыгожы край над сівым Дняпром – калыска целага сузор’я самабытных народных геніяў. Тут “стаў сынам краіны” Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Вёска Зубрэвічы – малая радзіма майстра жанру навелы Янкі Сіпакова. У Барані з’явіўся на свет сатырык Уладзімір Корбан, пяро якога заўсёды было вострае і нікога не пакідала раўнадушным. Сёлета 25 жніўня ўраджэнцу Аршанскага краю споўнілася б 100 гадоў. Мерапрыемствы з нагоды юбілею байкапісца прайшлі ў сярэдзіне верасня.

У бібліятэцы імя Ул. Корбана 17 верасня прайшла літаратурна-музычная гасцёўня. З нагоды юбілею Уладзіміра Іванавіча ў бібліятэцы была арганізавана выстава. Супрацоўнікі ўстановы прапанавалі чытачам пазнаёміцца з творамі земляка, з яго біяграфіяй. Творчае крэда паэта вельмі трапна акрэсліў ўкраінскі сатырык С. Алейнік:

Заўжды пры боку
смеху торба,
Набіты перцам патранаж.
Супраць брыды
ўсялякай Корбан
Ішоў і йдзе, як снайпер
наш.

Прыехалі ўшанаваць памяць баранскага сатырыка літаратары з Мінска, супрацоўнікі альманаху сатыры і гумару “Вожык”. Гэта былы рэдактар выдання, пісьменнік Павел Паўлавіч Саковіч, які таксама нарадзіўся ў нашым горадзе. Разам з ім завіталі сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, які таксама нейкі час працаваў на пасадзе галоўнага рэдактара гумарыстычнага часопіса, сённяшні галоўны рэдактар “Вожыка” Юлія Францаўна Зарэцкая, рэдактар выдавецкага аддзела РВУ “Літаратура і мастацтва” Наталля Мікалаеўна Касцючэнка. На сустрэчу завіталі і аршанскія аўтары: Валянціна Шылава, Леанід Лазуркін, Рыгор Лазуркін, Канстанцін Нілаў, Уладзімір Жытноў, Марыя Дзмітранок, Анатоль Прохараў.

Мінскія госці расказалі аршанцам пра альманах сатыры і гумару “Вожык”, гісторыя якога бярэ адлік з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны з агітплаката “Раздавим фашистскую гадину”. Галоўным рэдактарам “Вожыка” ўпершыню за ўсю яго гісторыю з’яўляецца жанчына. У наступным годзе выданне адзначыць свой сёмы юбілей. Унікальны часопіс па праву можна назваць сапраўднай энцыклапедыяй беларускага гумару і сатыры. Творы, прадстаўленыя ў альманаху, вельмі разнастайныя. Можна вылучыць больш за дзесяць сатырычных жанраў. Ул. Корбан пакінуў нам, нашчадкам, выдатныя ўзоры баек, фельетонаў, памфлетаў, гумарэсак, гумарыстычных апавяданняў. Першыя творы Уладзіміра Іванавіча з’явіліся на старонках рэспубліканскага друку ў 1946 г. Усяго ж за дваццаць гадоў пісьменніцкай дзейнасці ў свет выйшла больш за дзесяць зборнікаў баек і фельетонаў. Толькі ў “Бібліятэцы “Вожыка” былі выдадзены чатыры кнігі Ул. Корбана. Акрамя таго, Уладзімір Іванавіч займаўся перакладчыцкай працай, дзякуючы яму на беларускай мове загучалі творы Івана Крылова, Лесі Украінкі, Т. Масэнкі, Мірмухсіна, А. Юшчанкі і інш. Яшчэ пры жыцці ўраджэнца Барані называлі беларускім Іванам Крыловым. Не згодны з такой паралеллю былы галоўны рэдактар часопіса Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў. “Не варта параўноўваць Корбана з Крыловым. Корбан – гэта Корбан, Крапіва – гэта Крапіва, а Крылоў – гэта Крылоў. Талент кожнага з іх непаўторны”. М. Пазнякоў у нашым горадзе не ўпершыню. Дзесяць гадоў таму ён прымаў удзел у святкаванні 90-годдзя з дня нараджэння сатырыка. Менавіта тады ў СШ №15 горада Барані быў адкрыты музей “Аршаншчына літаратурная”, а сама школа стала насіць імя пісьменніка, пра што свед-чыць мема-рыяльная дошка каля ўваходу. На сустрэчы ў бібліятэцы Міхаіл Паўлавіч падкрэсліў: “Саюз пісьменнікаў Беларусі ганарыцца, што Аршаншчына так плённа ўшаноўвае памяць сваіх землякоў-творцаў”. Нямала намаганняў на ніве захавання памяці пра Ул. Корбана зрабілі супрацоўнікі гарадской і раённай цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм. З рук “вожыкаўцаў” атрымалі заслужаныя Ганаровыя граматы і падарункі Ала Леанідаўна Свірская, Ірына Аляксееўна Дзямідава, Ганна Іванаўна Самарукава, Галіна Міхайлаўна Цвяткова, Марына Паўлаўна Колер і іншыя.

У зале бібліятэкі ў той вераснёўскі вечар панавала атмасфера добразычлівасці і творчасці. Са зваротам да прысутных выступілі мінчане. Наталля Касцючэнка вельмі артыстычна прачытала некалькі баек Уладзіміра Іванавіча. Павел Саковіч рассмяшыў залу сваімі пародыя-мі. Дарэчы, перад “Дажынкамі-2008” наш ільнокамбінат выпусціў прыгожае пано. На ім побач з выя-вай старажытнага Гарадзішча – словы гімна горада Оршы. На сустрэчы Павел Паўлавіч з усмешкай прачытаў свой псеўданім – Сакаловіч, які прыдумалі яму землякі і які ўказаны на пано. У той жа момант з залы пачулася парада: “Патрабуйце абароны аўтарскіх правоў!” Але Павел Саковіч – чалавек з добрым пачуццём гумару, і гэту кур’ёзную гісторыю расказвае толькі з добрай усмешкай. Бадзёрасцю і весялосцю заразілі ўсіх прысутных артысты, якія прадставілі народны клуб ветэранаў “Яшчэ не вечар”. Члены клуба праспявалі некалькі песень, а потым прапанавалі гледачам інсцэніроўку баек Корбана. Госці бібліятэкі гэтыя выступленні прымалі на “ўра”. Павел Саковіч нават выказаў жаданне стаць членам клуба. Нікога не пакінуў раўнадушным цудоўны голас спявачкі Валянціны Мікалаеўны Шылавай, заслужанай артысткі Чачэна-Інгушэціі. Напрыканцы літаратурна-музычнай гасцёўні слова ўзялі аршанскія паэты У. Жытноў, М. Дзмітранок, А. Прохараў, Л. Міхайлава.

Сама сабой прыходзіць думка – жыццё Уладзіміра Корбана не мае тэрміну. Імя яму – вечнасць. Хаця і раздзяляюць нас эпохі…

МАРЫНА МАРЫНІНА

Добавить комментарий