Што чытаеш, аршанец?

Што чытаеш, аршанец?

У асяроддзі адукаваных людзей чытаць заўсёды было модна. Чытаюць беларусы і цяпер, але ўсё больш масавую літаратуру ці забаўляльныя перыядычныя выданні. А між тым, імёны такіх пісьменнікаў, як Колас, Купала, Мележ, Быкаў, Караткевіч – своеасаблівая візітоўка нашай сінявокай краіны ў свеце. “АГ” звярнулася да аршанцаў з пытаннямі: ці чытаеце вы беларускія кнігі і якіх сучасных аўтараў ведаеце?

Таццяна, студэнтка філфака:

– Пытанне рытарычнае. Я будучы настаўнік роднай мовы і літаратуры. Чытаць творы беларускіх пісьменнікаў даводзіцца пастаянна. Загваздка ў іншым. Паспець пазнаёміцца з аўтарамі, якіх няма ва ўніверсітэцкай праграме, не хапае часу, як правіла. Таму назваць сучасных беларускіх літаратараў – справа нелёгкая.  Чытала Святлану Алексіевіч, але ж яна піша на рускай мове. Неяк трапіла ў рукі кніга з апавяданнямі Людмілы Рублеўскай, якія нагадалі мне творы Караткевіча. Што тут дадаць, неабходна запаўняць гэты прагал…

Юрый Фёдаравіч, міліцыянер:

– Беларускія кнігі чытаў толькі ў школе. Зараз увогуле толькі часопісы ды газеты праглядаю, у інтэрнэце часам шукаю новыя творы, напрыклад, “Парфюмера”. З сучасных аўтараў, якія пішуць на матчынай мове, назваць магу толькі Аляксея Дударава, бо нядаўна трапіў на спектакль па адной з яго п’ес.

Ірына, вучаніца ДАСШ №17:

– Вельмі люблю праводзіць вольны час з кніжкай у руках. Хоць сёння старэйшае пакаленне і гаворыць, што чытаць мы перасталі, я ўсялякі раз з гэтым не згаджаюся. Я ведаю ўсе школьныя творы, але на гэтым не спыняюся. Набываю новыя выданні ў кнігарнях ці хаджу ў бібліятэку. Шмат чытаю менавіта сучаснікаў: Адама Глобуса, Віктара Шніпа, Людмілу Рублеўскую, Алеся Разанава… Сярод твораў гэтых аўтараў ёсць нават такія, якія хочацца перачыт-ваць па некалькі разоў. І гэта не можа не радаваць, бо сведчыць пра тое, што беларуская літаратура будзе жыць!

Вольга Мікалаеўна, пенсіянерка:

– Якраз сёння набыла кнігу аповесцяў Васіля Быкава, якія выйшлі ўпершыню. Чытаць люблю з маленства, чытаю вельмі шмат – і беларускіх аўтараў, і расійскіх, і замежных. Але прытрымліваюся погляду, што лепш прачытаць менш, але толькі самае выдатнае. Аддаю перавагу класіцы. Што чытала з твораў сучасных беларускіх аўтараў? Аповесці Андрэя Федарэнкі і Віктара Казько спадабаліся, заслугоўвае ўвагі Уладзімір Арлоў. Хацелася б звярнуцца да аршанцаў: чытайце як мага больш! Толькі так вы станеце больш добрымі і спагадлівымі, бо чаму можна навучыцца па тых жорсткасцях і той нялюдскасці, якая сёння адусюль на нас сыплецца?

Віталь, гандлёвы агент:

– Мая праца звязана з пастаяннымі раз’ездамі. У дарогу заўсёды бяру кнігу, яна дапамагае мне бавіць час. Але чытаю пераважна рускую літаратуру. Чаму не творы беларускіх аўтараў, адкажу чэсна: не заўсёды разумею асобныя словы і выразы. Школу скончыў даволі даўно, з тых пор не прыходзілася размаўляць на роднай мове, таму і забыў крыху. Якія зараз аўтары пішуць па-беларуску, не магу адказаць, на жаль. Сёння самыя чытаемыя кнігі ў маёй сям’і – дзіцячыя, бо ў мяне нядаўна нарадзілася дачка.

З адказаў рэспандэнтаў бачна, што чытаць аршанцы любяць, другая справа – з творамі якой літаратуры яны часцей за ўсё сутыкаюцца. Па статыстыцы, на кожнага жыхара Беларусі ў 2009 годзе прыйшлося прыкладна па 6 новых кніг. У рэспубліцы дзейнічаюць дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы. Таму дэфіцыту кніг на беларускай мове, на першы погляд, быць не павінна. Але ж пераважна выдаюцца не мастацкія творы, а вучэбная літаратура. Між тым, шырокаму колу чытачоў новыя імёны на літаратурным небасхіле ў большасці сваёй застаюцца невядомымі. Адна з прычын – набыць творы сучасных пісьменнікаў бывае даволі складана.

Марына СЯМАШКА

One thought on “Што чытаеш, аршанец?

  • 23.11.2010 в 21:04
    Permalink

    газэтю!!!

Добавить комментарий