Пытанне Прэзідэнту

У рэспубліканскай акцыі “Пытанне Прэзідэнту”, якая праходзіла  вясной бягучага года, прымала ўдзел маладое пакаленне Беларусі. “Аршанская газета” на той момант расказвала чытачам пра рабят з Вусценскай школы, якія актыўна ўключыліся ў гэтае мерапрыемства. І вось сёння вучні школы – зноў героі газетнай публікацыі.

У выніку акцыі   шасцёра  вучняў школы  атрымалі  пісьмы ад Прэзідэнта, а Кастусь Ляпуноў быў запрошаны ў Мінск на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы. Да таго ж, на днях па цэнтральным тэлебачанні фотасюжэт  з Косцем  бачыла ўся наша вялікая краіна, у тым ліку і школьнікі УА “Вусценскі  ДВПК д/с-СШ”.

Як стала вядома, пытанні Прэзідэнту  абдумвалі ўсім вучнёўска-педагагічным калектывам. У выніку атрымаўся даволі  грунтоўны, лаканічны ліст, большасць  пытанняў якога  тычылася   жыцця  сельскай дзетвары і моладзі. Вось, што гаворыць з гэтай нагоды адзін з герояў падзеі.

Кастусь Ляпуноў:

– На сучасны момант я з’яўляюся  вучнем Лужаснянскай школы-інтэрната. У будучым бачу сябе футбалістам. Я ганаруся, што  Прэзідэнт – мой зямляк, які  шмат увагі надае развіццю фізічнай культуры і спорту  ў краіне, сам актыўна -ўдзельнічае ў спартыўных мерапрыемствах. Але мяне   Прэзідэнт цікавіць не толькі  як палітычны  дзеяч. Мне хочацца ведаць, якім было яго жыццё ў юнацкія гады. Мяркую, што гэта ў аднолькавай ступені карысна  будзе  ведаць- усім маім равеснікам. Сваё пытанне  я сфармуляваў так: “Якое значэнне  для Вас мела  ўступленне ў рады  УЛКСМ?”.

Сярод  пытанняў  самага рознага  накірунку, адрасаваных  вусценскімі школьнікамі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, можна адзначыць зварот дзевяцікласніка Аляксея Коршыка: “Ці з’явяцца дадатковыя льготы для шматдзетных сем’яў?”, дзесяцікласніцы Алены Рыка – “Ці ведаеце Вы пра існаванне гарадскога пасёлка  Вусце, ці даводзілася тут бываць? Калі так, то што запомнілася пра гэты населены пункт?”, адзінаццацікласніка Рамана  Пуцкалёва – “Ці будуць у бліжэйшы час  унесены  змены ў цэнтралізаванае тэсціраванне?”. Двое з адзначаных удзельнікаў акцыі, выпускнікі школы Ігар  Семянкоў і Карына Сулейманава сёння ўжо студэнты ВНУ: БДУ і Магілёўскага  педуніверсітэта.  Ігара (нагадаю, акцыя праходзіла пад час падрыхтоўкі да выпускных іспытаў) турбавала пытанне: “Якімі льготамі можа карыстацца  абітурыент з сельскай мясцовасці пры паступленні ў ВНУ?”, а Карыну:  “Ці зменіцца эканамічная сітуацыя  пасёлка Балбасава і Аршанскага раёна ў цэлым у выніку супрацоўніцтва Аршанскага авіярамонтнага завода з  прадстаўнікамі кітайскай прамысловасці?”.

У адпаведнасці са склаўшайся  традыцыяй, дыялог Прэзідэнта краіны з маладым пакаленнем  трансліраваўся па тэле-  і радыёвяшчанні, быў шырока асветлены ў друкаваных СМІ. Таму на самыя цікавыя і слушныя пытанні адказы былі атрыманы непасрэдна праз прамы эфір.

У Вусценскай школе зараз актыўна абмяркоўваюць гэтую падзею, тым больш, што  сакратар школьнай пярвічнай арганізацыі БРСМ Вольга Яскевіч і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лідзія Леанідаўна Лазарава  прымалі ў падрыхтоўцы і правядзенні акцыі самы непасрэдны ўдзел. Лідзія Леанідаўна  – ураджэнка Вусця, выпускніца школы,  усім сэрцам прыкіпела да роднай альма-матэр. Яе апантанасць  школьнымі справамі не што іншае, як 37-гадовы  педагагічны вопыт. Сваю любоў да малой радзімы педагог са шчырым сэрцам ахвотна перадае з пакалення ў пакаленне юным   вусцянцам, што  кожны год пераступаюць парог школы. Дзякуючы кіпучай энергіі Лідзіі Леанідаўны  школьнікі з Вусця штогод атрымліваюць адзнакі на рознага роду конкурсах раённага і абласнога маштабаў. У памочніках у Лідзіі -Леанідаўны маладая калега, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ  Вольга Яскевіч. У школе малады педагог  з 2003 года. Не зважаючы на тое, што нарадзілася і вырасла яна ў горадзе, Вольга камфортна адчувае сябе  ў сельскай школе і ў  сяброўскай атмасферы калектыву. Дзякуючы няўрымслівасці  сваіх педагогаў вучні школы заўсёды займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Літаральна ўчора яны завяршылі збор сродкаў  па акцыі  “Дзеці – дзецям-інвалідам” для рэспубліканскага дзіцячага фонду, а сёння  ад душы, як толькі гэта ўмеюць рабіць дзеці, радуюцца пагожым дням восеньскіх канікул. У   асяродку школы створаны ўсе  неабходныя ўмовы  для  вучобы  і  пазашкольнай работы вучнёўскага калектыву. Паважлівыя адносіны дарослых да рабячых радасцей і праблем  спрыяюць таму, што выпускнікі школы застаюцца жыць і працаваць у родным Вусці.

Згодна са школьным летапісам, трэцяя частка выпускнікоў школы традыцыйна ўладкоўваецца на працу ў мясцовую гаспадарку. Былыя выпускнікі складаюць і палову педагагічнага  калектыву школы. Сёння рашэнне вярнуцца ў сцены школы прыняла Карына Сулейманава. У будучым мяркуе прыйсці   сюды пасля вну, каб прадоўжыць справу сямейнай дынастыі і цяперашняя школьніца Алена Рыка…

У падлеткаў – наперадзе вялікае, цікавае на падзеі жыццё з мірнай будучыняй. І кожны з іх з гордасцю за сваю малую радзіму гаворыць: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”

Ліна ГАТОЎСКАЯ

Добавить комментарий