“Музыка – гэта маё жыццё…”

Так з упэўненасцю гаворыць дырэктар Межаўскага сельскага Дома культуры Лідзія Мікалаеўна Мікуліч. Яна сорак гадоў дорыць сельскім жыхарам добры настрой і радасць, а песні, якія спявае разам з народным ансамблем народнай музыкі “Родныя напевы”, прымушаюць слухачоў смяяцца, сумаваць, а, бывае, то і праслязіцца.

Народная песня – самая шчырая, пяшчотная, блізкая сэрцу і зразумелая кожнаму з нас.

Лідзія Мікалаеўна ўзгадвае, як у дзяцінстве іх вялікая сям’я: маці, бацька і шасцёра дзяцей – садзілася вечарам на лаўку ля дома і… пачынала свой канцэрт. Першай спявала маці, затым мелодыю, разбіўшыся на тры партыі, падхоплівалі і дзеці. Нават у самыя далёкія куточкі вёскі даносіліся гукі іх песень. Не дзіва, што суседзі іх празвалі вясковым ансамблем.

Але Ліда заўсёды марыла стаць не спявачкай, як хацелася бацькам, а рэжысёрам. Тэатральная сцэна, поўная глядзельная зала, апладысменты – усё гэта не аднойчы прыходзіла ў снах юнай дзяўчынкі. І вось ён, самы хвалюючы момант, калі дакументы пададзены ў Магілёўскае культпрасветвучылішча на тэатральнае аддзяленне і нават паспяхова здадзены выпрабаванні. Але на апошнім экзамене ў Ліды пытаюцца, што яна яшчэ ўмее рабіць, і тут дзяўчына заспявала. Выкладчыкі амаль што ў адзін голас заявілі, што яе трэба залічыць на харавое аддзяленне…

Сваё першае працоўнае месца хармейстра малады культработнік атрымала ў Доме культуры г.п. Бягомль. А праз некалькі гадоў яна разам з сям’ёй па запрашэнні мясцовага аддзела культуры пераязджае на Аршаншчыну і становіцца дырэктарам Межаўскага Дома культуры. Тут пачынаецца зусім іншае жыццё. Маладому кіраўніку ў новым Доме культуры прыходзіцца самастойна прымаць сур’ёзныя рашэнні, шукаць таленты, ствараць творчыя калектывы, далучаць сельскіх жыхароў да культуры.

Песня “Родная старонка” ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі “Родныя напевы” – гэта своеасаблівая візітоўка, па якой слухачы заўсёды пазнаюць артыстаў з Межава. А яны заўсёды рады прымаць удзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах, у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, каб данесці да іншых глыбокі сэнс народных песень. Больш за дваццаць гадоў у народным калектыве разам з Лідзіей Мікалаеўнай прымаюць удзел такія энтузіясты, як Н. Жолудзева, В. Катановіч, С. Бага-дзевіч, Р. Шакуціна, Таццяна і Васіль Яфімчыкі, Г. Дамарацкая, А. Гоцман, А. Віцікава, В. Буракова.

Работнікі Межаўскага Дома культуры імкнуцца зрабіць жыццё сваіх аднасяльчан больш насычаным, разнастайным і цікавым. Ладзяць не толькі разнастайныя мясцовыя мерапрыемствы для жыхароў аграгарадка, але і запрашаюць знакамітых артыстаў. Так, у Межаўскім Доме культуры за апошні час з канцэртамі пабывалі Георгій Калдун, ансамбль “Сіняя птушка”, ансамбль песні і танца “Талака” і іншыя. У гэтым годзе тут выконваюць платныя паслугі на 300 працэнтаў.

Сёння ў ДК ладзяць свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі.

Настасся ТУРОК

Добавить комментарий