Дуброўна рыхтуецца прыняць абласныя «Дажынкі»

Дубровенцы рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017”. Свята абяцае быць цудоўным. Зараз ідуць апошнія прыгатаванні, нешта ўдакладняецца, але асноўная канва зацверджана.
Дубровенцаў і гасцей горада чакае ўрачыстае адкрыццё фестывалю на гарадскім стадыёне, святочнае шэсце па вуліцы Камсамольскай, шматлікія канцэрты, феерверк і дыскатэка. У рамках рэспубліканскай акцыі ФПБ “Мы – разам” адбудзецца канцэрт фіналістаў конкурсу “Новыя імёны для любімай краіны”. Плануецца, што ўдзел у ім прымуць народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, вядомыя артысты Вольга Плотнікава, Ірына Дарафеева і Саша Нэма.
Безумоўна, галоўнымі героя­мі свята стануць працаўнікі вёскі. Словы падзякі, віншаванні і ўзнагароды – усё будзе ў іх гонар.
Таксама адбудзецца ўрачыс­тае адкрыццё новай залы загсу, фантана, дзіцячай пляцоўкі і РКЦ №28 філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”.
Госці свята змогуць наведаць выставу караваяў кожнага раёна вобласці, азнаёміцца з узорамі сельскагаспадарчай тэхнікі. Цікавасць у дзяцей выклікае дэманстрацыйная пляцоўка Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболе і абласное спаборніцтва «Асілак сяла».
У рамках свята адбудзецца кірмаш-продаж харчовай і прамысловай прадукцыі беларускіх вытворцаў, будуць працаваць рамесныя падворкі і тэматычныя пляцоўкі, пройдуць майстар-класы.
Адным словам, дубровенцам і гасцям горада будзе на што паглядзець, што купіць і дзе адпачыць. Застаецца толькі як след падрыхтавацца да свята. Аб даце свята паведамім дадаткова.

С. ШУРПАКОВА.

Добавить комментарий