Аршанцы выступяць на пляцоўках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску»

Заўтра ў абласным цэнтры ўрачыста адкрыецца XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Але першыя мерапрыемствы прайшлі яшчэ ў панядзелак. Далучыцца да фестывальных падзей можна і пасля закрыцця «Славянскага базару».
Горад у горадзе – так можна назваць гандлёвыя рады, дзе прадставілі свае вырабы майстры народнай творчасці. Госці і жыхары Віцебска могуць набыць і сувеніры ад Аршанскага Дома рамёстваў і Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў Копысі. А яшчэ нашы землякі бліснуць талентамі на некалькіх конкурсах.
Сёння на «Славянскім базары» надта громка будуць саліраваць барабаны – у культурнай сталіцы пройдзе міжнародны конкурс сярод мажарэтак і барабаншчыц. Наш горад прадставіць абразцовы харэаграфічны ансамбль «Весялушкі» гарадскога Цэнтра культуры «Перамога». Да адкрытага абласнога конкурсу духавой музыкі «Віват, аркестр-2018» далучацца абразцовы духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў № 2 і народны духавы аркестр ГЦК «Перамога».
На мінулым тыдні Сянно сустракала моладзь з усёй Віцебскай вобласці. За пуцёўку ў фінал маладзёжнага танцавальнага конкурсу «Агонь танца-2018» змагаліся аршанцы: калектыў эстраднага і ўсходняга танца «Dali Maissa» і харэаграфічны калектыў «Non-stop» Палаца культуры Барані, студыя эстраднага танца «Шэп» гарадскога Палаца культуры «Орша». У фінал выйшлі студыя «Шэп» – пераможца ў намінацыі «Шоу-праграма» – і калектыў «Non-stop», які прадставіў лепшы ўсходні танец. Традыцыйна на Дне моладзі ў фестывальным Віцебску вызначаюць пераможцаў фінальнага этапа конкурсу «Агонь танца». Жадаем поспехаў нашым землякам!
У нядзелю раёны вобласці прадставяць святы-брэнды. Аршанцы рыхтуюць праграму «Малая радзіма – вялікая любоў»: на тэматычнай тэатралізаванай пляцоўцы пройдуць канцэрт і прэзентацыя з удзелам самадзейных калектываў Аршаншчыны. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна прапануе гасцям фестывалю набыць сувенірную прадукцыю.
Пакупнікоў чакаюць і аршанскія гандлёвыя і харчовыя прадпрыемствы, якія парадуюць вырабамі і пачастункамі жыхароў і гасцей Віцебска.

Марына СЯМАШКА.
Фота з архіва «АГ»
мае ілюстратыўны характар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *