Выснова жыцця – у сям’і

У гэтым глыбока ўпэўнена мілавідная жанчына з гарэзлівымі агеньчыкамі ў вачах – ветэрынарны санітар ДЛПУ “Аршанская райветстанцыя” Алена Міхайлаўна Супрунова (на здымку). Многія жыхары Аршаншчыны звяртаюцца сюды, каб кампетэнтныя спецыялісты своечасова аказалі дапамогу хатнім жывёлінам. Але асноўны аб’ём работы калектыву станцыі з 43 чалавек, 23 з якіх – ветэрынарныя ўрачы, пры­ходзіцца на гаспадаркі раёна.

Структурныя падраздзяленні ветстанцыі знаходзяцца таксама ў чатырох буйных населеных пунктах Аршанскага рэгіёна: Барані, Высокім, Смальянах і Арэхаўску. У большасці сваёй, тут працуюць энтузіясты ветэрынарнай справы, аддадзеныя прафесіі людзі, сярод іх і Алена Міхайлаўна. Штодзень яны выконваюць звыклую работу, дзякуючы чаму самыя разнастайныя жывёліны – ад кацяня і птушкі да свіней і кароў – добра адчуваюць сябе, прыбаўляюць у вазе, радуючы гаспадароў. У зімовы перыяд спецыялісты ветстанцыі практычна ўвесь час знаходзяцца ў Оршы, а вось з надыходам вясны наступае гарачая пара для ўсіх. У гэты час ажыццяўляецца вакцынацыя буйной рагатай і іншай жывёлы як у гаспадарках раёна, дзе няма ў штатах ветурачоў, так і на прыватных падворках.

Па выніках работы мінулага года Алена Міхайлаўна Супрунова прызнана лепшай у сваёй прафесіі. Не менш важна і тое, што яе сям’я – станоўчы прыклад для ўсіх хто ведае Супруновых. Амаль 19 гадоў таму маладзенькая дзяўчына з Украіны пазнаёмілася ў цягніку з беларускім хлопцам. Два гады яны вялі перапіску, а потым справілі вяселле, і Алена пераехала жыць у трохпакаёвую кватэру да мужа і свекрыві Юліі Сямёнаўны. Адзін за адным нарадзіліся дзеці Павел і Марына. Сёння сын – у ліку лепшых навучэнцаў ліцэя машынабудаўнікоў. Для сябе будучы слесар-зборшчык паветраных апаратаў ужо вырашыў, што абавязкова прадоўжыць вучобу ў вну. Дружная сям’я Супруновых на здзіўленне многім нават праз 19 гадоў сумеснага жыцця ўсе хатнія справы, у тым ліку работу на дачы, выконвае разам.

Тут няма мужчынскіх і жаночых абавязкаў. Калі муж Аляксандр Віктаравіч рамантуе аўтамабіль, жонка заўсёды побач. Яна марыць навучыцца вадзіць “чатырохколавага скакуна”, а, па сцвяр­джэнні мужа, гэта трэба рабіць на прафесійным узроўні і толькі пасля вывучэння тэхнічнай часткі аўтамабіля. Нават на рыбалку ездзяць толькі разам. Летні адпачынак таксама ладзяць такім чынам, каб абавязкова пабываць на моры. Авось Юлія Сямёнаўна не згаджаецца пакідаць родны куток і заўсёды на ўвесь цёплы перыяд выязджае ў вёску, дзе возіцца з градкамі ды кветкамі. Сярод сакрэтаў сямейнага шчасця Алены Супруновай – уменне ўступаць і ўменне выслухаць субяседніка, не навязваючы нікому ўласнай думкі.

Калі міжволі здараецца кагосьці пакрыўдзіць, яна, каб зняць камень з душы, заўсёды просіць прабачэння ў таго чалавека. Знаходзіць залатую сярэдзіну ў любых, нават самых бязвыхадных сітуацыях маю гераіню навучыла жыццё. Напэўна, таму ў сям’і Супруновых ніколі не бывае канфліктаў. Адметна, што Алена Міхайлаўна, выхаваная ў павазе да ўкраінскіх народных традыцый, з любоўю прыняла звычаі беларусаў. Нашу краіну яна лічыць сваёй другой радзімай, акцэнтуючы асаблівую ўвагу на стабільнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. “Тут кожнай сям’і спрыяе шчасце”, – зазначае Алена Міхайлаўна ў завяршэнні нашай размовы.

Сёлета язычніцкае свята Масленіца амаль супала з жаночым днём 8 Сакавіка. Для Супруновых абодва святы – доўгачаканы госць у хату: з Украіны да зяця на бліны прыязджае цешча Ганна Іванаўна. А значыць, у дружнай сям’і будуць панаваць весялосць і добры настрой.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий