Вызваленне Аршаншчыны: як гэта было. Пачатак

Напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Віцебшчыны прапануем чытачам “АГ” звярнуцца да кнігі “Памяць. Орша і Аршанскі раён”, каб узгадаць, як у гады Вялікай Айчыннай вайны праходзіла вызваленне нашага рэгіёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вулічныя баі ў Оршы. 1944 г.

“Настаў час вызвалення Беларусі. 23 чэрвеня 1944 года фронт, які амаль год стаяў менш чым у 40 км на ўсход ад Оршы, прыйшоў у рух. Пачалася аперацыя па разгроме нямецка-фашысцкіх войск у Беларусі.
Вызваленне Віцебска і Оршы з’яўлялася задачай першага этапу гэтай аперацыі, якая атрымала кодавую назву “Баграціён”. План аперацыі прадугледжваў адначасова прарыў больш чым 1000-кіламетровага фронта праціўніка на 6 участках.
Знішчэнню моцнай флангавай групоўкі гітлераўцаў у раёне Віцебска і Оршы надавалася асаблівае значэнне. Для правядзення аперацыі “Баграціён” савецкае камандаванне ў паласе чатырох франтоў, што ўдзельнічалі ў яе правядзенні (1-га Прыбалтыйскага, 1-, 2-, 3-га Беларускіх), засяродзіла буйную групоўку войск у складзе агульнавайсковых і 2 танкавых армій.
Агульная колькасць асабовага складу ўсіх часцей і злучэнняў дасягала 2, 4 млн чалавек, у іх распараджэнні было больш за 36 тыс. гармат і мінамётаў,
5,2 тыс. танкаў і самаходных артылерыйскіх установак. Для падтрымкі з паветра дзеянняў сухапутных войск выдзялялася 5 паветраных флатоў, якія налічвалі ў сваім складзе 5, 3 тыс. баявых самалётаў, прыцягвалася таксама авіяцыя супрацьпаветранай абароны.
Савецкім войскам на гэтым участку фронта процістаяла групоўка нямецка-фашысцкіх войск у скадзе 63 дывізій і 3 брыгад, у якіх налічвалася 1,2 млн чалавек, 9,5 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат,
1 350 самалётаў. За тры гады акупацыі Беларусі фашысты стварылі добра абсталяваную і глыбокаэшаланіраваную – 250-270 кіламетраў – абарону, якая абапіралася на развітую сетку палявых умацаванняў і натуральныя рубяжы.
Абарончыя палосы праходзілі, як правіла, па заходніх берагах шматлікіх водных перашкод, якія мелі шырокія забалочаныя поймы. Развітая сетка чыгуначных і шашэйных дарог забяспечвала магчымасць шырокага манеўру сіламі і сродкамі нанясення контрудараў. Нямецка-фашысцкае камандаванне лічыла сваю абарону ў Беларусі непераадольнай.
На Аршанскім напрамку нямецка-фашысцкім камандаваннем быў створаны рубеж абароны глыбінёй да 45 км. Аматары розных кодавых найменняў, фашысты прысвоілі Віцебска-Аршанскаму раёну абароны ўмоўнае найменне “Пантэра”. Абарону на Аршанскім напрамку займалі злучэнні 4-й палявой арміі групы армій “Цэнтр”. Супраць іх савецкае камандаванне нацэліла 11-ю гвардзейскую і 31-ю арміі 3-га Беларускага фронта (камандуючы фронтам генерал-палкоўнік І. Чарняхоўскі).
Горад Орша знаходзіўся ў паласе наступлення 31-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант
В. Гогалеў). У складзе 11-й гвардзейскай арміі (камандуючы генерал-лейтэнант К. Галіцкі), якая наступала на поўнач ад Оршы, знаходзілася 1-я Маскоўская пралетарская дывізія. Тры гады назад, у ліпені 1941 г., часці гэтай дывізіі вялі цяжкія абарончыя баі на подступах да Оршы, стрымліваючы націск танкавых армад Гудэрыяна.
На досвітку 23 чэрвеня 1944 года войскі 31-й і 11-й гвардзейскіх армій, нацэленых на Оршу, былі гатовыя да наступлення. Ва ўсіх падраздзяленнях зачытваліся звароты ваенных саветаў фронта і армій з заклікам бязлітасна знішчаць ворага.
У 6 гадзін 40 хвілін пачалася артылерыйская падрыхтоўка. На працягу 2 гадзін 20 хвілін на пазіцыях нямецкай абароны бушаваў шквал агню. Шчыльнымі разрывамі снарадаў і мін была ахоплена ўся абарона ворага. Над нямецкімі акопамі на дзясяткі метраў стаяла непраглядная сцяна пылу і дыму. За 30 хвілін да канца артпадрыхтоўкі сотні самалётаў завіслі над варожай абаронай, скідваючы на галовы фашыстаў свой смертаносны груз.
У 9 гадзін раніцы ўдарныя групоўкі 11-й гвардзейскай і 31-й армій кінуліся на ворага. Па плану аперацыі яны павінны былі ў першы дзень прарваць тактычную зону абароны праціўніка на глыбіню 15-20 км і да зыходу дня авалодаць усходняй ускраінай г. Дуброўна. Аднак, нягледзячы на мужнасць салдат і афіцэраў, вырашыць гэту задачу войскі не змаглі. Праціўнік быў занадта моцны. Непасрэдна на Аршанскім напрамку 31-й арміі процістаялі часці 78-й і 260-й пяхотных, 25-й матарызаванай фашысцкіх дывізій. 78-я штурмавая дывізія лічылася ў нямецкай арміі адной з лепшых. Гітлер прысвоіў ёй найменне Бадэн-Вюртэмбергскай. Склад яе быў незвычайны: 16 тысяч чалавек, больш за 220 гармат, 154 мінамёты, 535 кулямётаў. У дывізію ўваходзіў таксама батальён цяжкіх мінамётаў, дывізіён штурмавых гармат і штурмавы батальён. Камандаваў дывізіяй генерал-лейтэнант Траўт. Добра ўкамплектаваныя і ўзброеныя былі і іншыя фашысцкія дывізіі.

Па матэрыялах кнігі
“Памяць. Орша
і Аршанскі раён”.
(Працяг будзе).

Добавить комментарий