Вызваленне Аршаншчыны: як гэта было

На працягу першага дня наступлення дывізій 31-й арміі, нягледзячы на высокі наступальны парыў салдат і афіцэраў, многія з якіх нават пасля ранення не пакідалі поля бою, наступаўшыя здолелі авалодаць толькі 1-й і 2-й пазіцыямі галоўнай паласы абароны немцаў, прасунуўшыся наперад на 3-3,5 км.

Праціўнік няспынна контратакаваў. Да вечара войскі арміі адбілі дзесяць моцных контратак, у кожнай з якіх удзельнічала да палка пяхоты і да 45 танкаў і штурмавых гармат.
Тым не менш, абарона ворага была ў значнай ступені дэзарганізавана. Каб пазбавіць фашысцкае камандаванне магчымасці прывесці свае войскі ў парадак, камандуючы 31-й арміі генерал Глаголеў загадаў працягваць бой ноччу.

На працягу другога і трэцяга дзён наступлення тактычная зона абароны праціўніка была прарвана. Войскі арміі ад зыхода 25 чэрвеня падышлі да Дуброўна і пачалі баі за яго вызваленне. 26 чэрвеня наступаючыя савецкія дывізіі прарвалі 2-ю паласу абароны праціўніка і, праследуючы адыходзячага ворага, нястрымна рухаліся да Оршы. Горад быў ператвораны фашыстамі ў моцны вузел абароны. Па ўсходнім беразе Дняпра і вакол горада акупанты ўзвялі шматлікія інжынерныя збудаванні, якія ўключалі некалькі ліній траншэй, злучаных хадамі зносін, доты і дзоты, умацаваныя пазіцыі для артылерыі і танкаў, процітанкавыя рвы і мінныя палі, драцяныя загароды. У самім горадзе кожная вуліца, цагляныя будынкі, руіны прыстасоўваліся для абароны.

Орша, гэты важнейшы чыгуначны вузел Беларусі, быў жыццёва неабходны акупантам. Авалоданне ім адкрывала шлях на захад. Таму фашысты імкнуліся ўтрымаць Оршу любой цаной. Аднак наступленне савецкіх войск, якія дзейнічалі на поўначы ад армій, што былі нацэлены на Оршу, ставіла праціўніка ў выключна цяжкае становішча. 26 чэрвеня 1944 г. быў узяты Віцебск. Скарыстоўваючы брэш, што стварылася ў абароне фашыстаў, 5-я танкавая армія маршала бронетанкавых войск П. А. Ротмістрава імклівым кідком абышла Оршу, авалодала Талачыном, што ў 50 км на паўднёвы захад ад Оршы, і перарэзала аўтамагістраль і чыгунку Масква-Мінск. Усе шляхі да Оршы, акрамя паўднёвага напрамку, былі захоплены савецкімі войскамі. Да чыгуначных і шашэйных дарог, якія злучалі Оршу з Магілёвам, імкліва рухаліся дывізіі 36-га і 113-га стралковых карпусоў 31-й арміі, 192-я і 331-я стралковыя дывізіі 71-га стралковага корпуса і 220-я стралковая дывізія 36-га стралковага корпуса, праследуючы праціўніка.

Каб аблегчыць гэту задачу, патрэбны былі масты цераз Днепр і Аршыцу. У тыл да фашыстаў былі накіраваны невялікія групы савецкіх салдат. Раніцай 26 чэрвеня 1944 г. аддзяленні разведкі 222-га сапёрнага батальёна 88-й стралковай дывізіі пад камандаваннем старшага сяржанта М. Лазькова захапілі мост цераз Аршыцу ў 3 км на паўночны ўсход ад Оршы. Каля поўдня групай салдат пад камандаваннем сяржанта Е. Макеева з 381-га сапёрнага батальёна 220-й стралковай дывізіі быў захоплены чыгуначны мост цераз Днепр, падрыхтаваны фашыстамі да ўзрыву (у канструкцыі маста было закладзена 5300 кг толу). Адбіўшы ўсе спробы фашыстаў вярнуць масты, салдаты ўтрымлівалі іх да падыходу сваіх войск. За рашучасць і адвагу пры захопе і захаванні мастоў старшаму сяржанту М. Лазькову, сяржанту Е. Макееву і радавому А. Юрчанку былі прысвоены званні Герояў Савецкага Саюза.

Па матэрыялах кнігі
«Памяць. Орша
і Аршанскі раён».
(Працяг будзе).

Добавить комментарий