У аршанскім падполлі. Жудасная ноч

Так яшчэ ў ліпені 1941 года аршанцы ў невыносна цяжкіх умовах разгарнулі актыўную падпольную работу ў акупіраванай фашыстамі Оршы і раёне. А ўмовы былі невыносныя. Разам з танкамі і матарызаванай пяхотай горад напоўнілі часці тайнай палявой паліцыі, гестапа, карнікі розных масцей і назваў.

З першых жа гадзін акупацыі жудасная ноч павісла над горадам. Смерць падпільноўвала савецкіх людзей на кожным кроку. Расстрэлы, разбой, вісельні. Многія тысячы ваеннапалонных таміліся і гінулі ў канцэнтрацыйных лагерах, карнікі стварылі два яўрэйскія гета, адкуль даносіліся стогны старых, плач дзяцей. У спісы «ненадзейных» заносіліся камуністы і камсамольцы, члены сем’яў чырвонаармейцаў, тысячы людзей расстрэльваліся і рыхтаваліся да знішчэння, пакутавалі ў засценках гестапа. Вось што паказаў на судзе фашысцкі кат начальнік паліцыі горада Оршы, а затым камендант лагера смерці ў Арэхаўску Ганс Кох: «Знішчэнне насельніцтва ў Оршы і раёне было планавым, як і знішчэнне наогул усіх рускіх, украінцаў, беларусаў…»

Далей ён расказаў аб жудаснай зброі допыту, якая прымянялася эсэсаўцамі. Гэта знішчэнне ў так званых «душагубках» з прымяненнем газаў, прымяненне шомпалаў і электрычнасці, цвікоў, іголак і г. д. Той жа Кох прызнаўся, што толькі каманды, якія яму падпарадкаваліся, спалілі ў раёне Оршы каля 6 тысяч трупаў савецкіх грамадзян.
Вораг ужо святкаваў перамогу. Фашысты адкрывалі свае ўстановы, робячы спробу зрабіць нашых людзей сваімі рабамі.

І вось у такі жудасны час, калі ўзброены да зубоў вораг чыніць крывавую расправу на кожнай вуліцы, у кожнай вёсцы, запальваецца магутнае полымя барацьбы па-сапраўднаму народнай, гібельнай для сквапных заваёўнікаў.

(Працяг будзе).
Падрыхтавала В. Мільто.

(«Ленінскі прызыў», № 149 (10.127), 21 кастрычніка 1966 года)