Молодой учитель математики и информатики появился в Зубовской школе

Малады настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Зубаўскай школы-садка Аляксандр Ларчанкаў толькі пачынае свой прафесіянальны шлях.

Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава летам атрымаў на Аршаншчыне першае працоўнае месца. Лічыць, што яму вельмі пашанцавала з размеркаваннем, бо аграгарадок Зубава мае развітую інфраструктуру і знаходзіцца непадалёку ад Оршы, а яшчэ тут жывуць вельмі добразычлівыя людзі.

Калі Аляксандр зразумеў, што жыць і працаваць будзе ў сельскай глыбінцы, настрой ніколькі не сапсаваўся, бо сам ён вясковы жыхар – родам з Сенненшчыны, бадай таму адаптацыйны перыяд на новым месцы прайшоў неяк незаўважна лёгка. Маладога спецыяліста адразу забяспечылі жыллём з усімі зручнасцямі, побач з домам – мясцовы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе можна ў вольны час займацца спортам. Хутка Аляксандр Васільевіч асвоіўся і ў калектыве, ды і вучні адразу пацягнуліся да маладога настаўніка. Першыя самастойныя ўрокі матэматыкі і інфарматыкі здаваліся самымі доўгімі і напружанымі. А пасля ўсё пайшло сваёй чаргой:

– Толькі цяпер я зразумеў, – расказвае Аляксандр Васільевіч, – што значыць даваць урокі на практыцы, калі побач з табой ёсць вопытны настаўнік і калі ўсе важныя рашэнні прыходзіцца прымаць самастойна, браць адказнасць за свае словы і дзеянні. Вельмі важна, на мой погляд, тое, што ў класах сельскіх школ мала вучняў. Гэта дае магчы­масць працаваць з кожным больш паглыблена. Праўда, пакуль у мяне не сфарміраваліся адпаведныя прынцыпы работы і прыходзіцца шмат эксперыменціраваць, шукаць новыя падыходы.

Пытання кім быць Аляксандр Ларчанкаў ніколі сабе не задаваў, бо заўсёды ведаў, што будзе працягваць сямейную дынастыю педагогаў-матэматыкаў. Ён з дзяцінства цікавіўся дакладнымі навукамі і быў упэўнены, што прафесія настаўніка, якую абралі яго бацькі і старэйшая сястра, не толькі адна з самых запатрабаваных, але і пачэсных. Перакананы ў гэтым малады спецыяліст і сёння, і калі ў яго цікавяцца, кім ён працуе, Аляксандр з гонарам адказвае: “Настаўнікам!”

– Лічу, што мне пашчасціла з калектывам: вопытныя настаўнікі дапамагаюць спасцігаць педагагічнае майстэрства, а я, у сваю чаргу, прыслухоўваюся да іх парад. У маёй прафесіі вельмі важна не толькі даць вучням трывалыя веды, – разважае педагог, – але сфарміраваць і выхаваць адукаваную, гарманічна развітую асобу.

Настасся ТУРОК.
Фото автора.

Добавить комментарий