На Аршаншчыне павіншавалі з заканчэннем жніва аграрыяў трох раёнаў | фота

На Віцебшчыне падышла да фінішнай прамой уборка зерневых культур. Апошні сімвалічны сноп у мінулую пятніцу ўрачыста зажыналі на пшанічных палетках філіяла “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Задняпроўскі” адкрытага акцыянернага таварыства “Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў”. Удзельнікамі незвычайнага дзеяння сталі хлебаробы не толькі Аршанскага, але і суседніх раёнаў – Дубровенскага і Талачынскага.

Павіншаваць аграрыяў з завяршэннем жніва прыехалі шаноўныя госці: старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, старшыня рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў і іншыя.

Перад пачаткам урачыстай цырымоніі ўсе ўдзельнікі свята сталі сведкамі таго, як было ўбрана апошняе ў раёне зерне. Па залацістым полі, нібы вялізныя караблі па моры, плылі дзесяць камбайнаў. Гэта быў відовішчны момант, ад якога захоплівала дух. Уявіце сабе: магутная тэхніка павольна і ўпэўнена набліжаецца да эпіцэнтра святкавання, густое воблака пылу сцірае гарызонт, а гул ад тэхнікі стаіць такі, што здаецца, нібы пад нагамі дрыжыць зямля. І вось нарэшце фініш! Камбайнеры заглушылі маторы сваіх “лайнераў” пад бурныя апладысменты, а ў гэты час старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў накіраваўся да жнеек – удзельніц народнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыву Дубровенскага РДК “Кудзеліца”. Яны павіншавалі кіраўніка вобласці з завяршэннем жніва і ўручылі вялікі сноп – сімвал багатага ўраджаю і дабрабыту. А падчас свята падарылі на шчасце ўсім шаноўным гасцям мяшэчкі з зернем “Багач”.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў шчыра падзякаваў усім, хто быў заняты ва ўборачнай кампаніі:

– Падыходзіць да завяршэння жніво. Упэўнены: кожны, хто мае дачыненне да жніўных работ, ганарыцца тым, што вырасціў хлеб. У гэтым годзе ў Віцебскай вобласці было зроблена ўсё, каб атрымаць больш высокі ўраджай, чым раней. Аднак надвор’е ў чарговы раз нагадала, што мы знаходзімся ў зоне рызыковага землеўладання. Толькі Аршанскі раён, адзіны ў гэтым годзе, атрымаў валавы збор больш за 100 тысяч тон зерня (на 30 жніўня тут намалацілі 115 тысяч тон зерневых). Самую высокую ўраджайнасць мае СВК “Ларынаўка” (Аршанскі раён), яна складае 72,4 цэнтнера з гектара, валавы збор павялічыўся на 22 працэнты. Таксама сельгаспрадпрыемства “Межава” павялічыла вытворчасць зерня амаль у два разы. А ўсё дзякуючы арганізацыі працы, выкананню тэхналогіі. На свяце апошняга снапа хачу падзякаваць і тым, хто забяспечваў тыл: кухараў, вадзіцеляў, аператараў зернесушылак, лабарантаў камбінатаў хлебапрадуктаў. Нізкі вам паклон за ваш уклад у агульны каравай!

Старшыня аблвыканкама асабліва зрабіў акцэнты на існую­чых рэзервах:

– У Аршанскім раёне добрыя землі. У мінулым годзе рэгіён атрымаў поўнае фінансаванне пад угнаенні, мерапрыемствы па ахове раслін, іншыя патрэбы, аднак некаторыя гаспадаркі не змаглі прадэманстраваць прыбаўку.

Старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачанку ён паручыў прааналізаваць сітуацыю, паколькі ў наступным годзе перад раёнам стаіць задача дасягнуць валавы збор не менш за 150 тысяч тон зерня.

– Мы павінны планамерна рухацца да 200 тысяч тон. У Аршанскім раёне гэта магчыма, – сказаў Мікалай Шарснёў.

Старшыня аблвыканкама таксама ўручыў Ганаровыя граматы трактарыстам-машыністам і вадзіцелям аршанскіх гаспадарак: Руслану Кашталёву (СГЦ “Задняпроўскі”), Алегу Ачкоўскаму (СУП ”Барздоўка-АГРА”), Віктару Ходасу, Арцёму Есяневічу (КУСП “Межава-Агра”), Уладзіславу Карпушонку (філіял “Смальяны”), Мікалаю Салодкіну (ААТ “Роскі Сялец”), дубровенскіх – Юрыю Кураедаву (ААТ “Баброва-АГРА”), Арцёму Саратокіну, Івану Зайцаву (філіял імя Ю. Смірнова), Аляксею Федарцову, Аляксандру Варанкову (ААТ “Прыдубровенскае”), Мікалаю Міхайлоўскаму (КУСП “Прыдняпроўскі”), талачынскіх – Сяргею Спаткаю, Уладзіміру Белахонаву, Яну Чобатаву (УП “Талачынскі Элеватар-Агра”), Дзянісу Хірэвічу, Яўгену Нырцову (ААТ “Талачынскі райаграсэрвіс”), Артуру Хадневічу (УКСП “Рыдомльскі”).

Сардэчна падзякаваў аграрыям Віцебскай вобласці за самаадданую працу і намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. Ён падкрэсліў, што рэгіёну ў гэтым годзе ўдалася вырасціць практычна мільён тон зерня. Таксама Уладзімір Гракун выказаў упэўненасць, што на наступны год назапашаны вопыт дазволіць аграрыям паўночнага рэгіёна атрымаць 1 млн тон зерня. Шаноўны госць уручыў Ганаровыя граматы ад ведамства аператару працэса апрацоўкі зерня ААТ “Аршанскі КХП” Андрэю Панцюхову і аператару зернесушыльнага комплексу ААТ “Друцк-АГРА” (Талачынскі раён) Анатолю Валентаву, Падзякі – аператарам Андрэю Бутару (ААТ “Аршанскі КХП”), Юрыю Кіўкіну і Рыгору Свіціну (ААТ “Якубава-Агра”, Дубровенскі раён), Аляксею Магучаму (УКСП “Рыдомльскі”, Талачынскі раён).

Гучалі шчырыя віншаванні і словы падзякі і ад старшыні рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалая Лабушава. Ён уручыў Ганаровыя граматы Віцебскага абласнога прафсаюза работнікаў АПК. Іх атрымалі: інжынер-хімік, дыспетчар, кухар ААТ “Аршанскі КХП” Іна Карпіцкая, Максім Рабцаў, Кацярына Лугаўцова, раздатчыкі абедаў ААТ “Роскі Сялец” і філіяла “Задняпроўскі” Ірына Пранаровіч, Таццяна Качаргіна, кухар і раздатчык абедаў КУСП “Прыдняпроўскі” Дубровенскага раёна Ала Іванова, Таццяна Сапсуева, раздатчык абедаў ААТ “Баброва-Агра” Таццяна Кураедава, кухар УКСП “Рыдомльскі” Талачынскага раёна Валянціна Палубінская, раздатчыкі абедаў ААТ “Коханава-АГРА” і ААТ “Друцк-АГРА” Надзея Марцінкевіч і Людміла Валентава, тэхнік-лабарант і вагаўшчык УП “Талачынскі Элеватар-Агра” Любоў Бялевіч і Хрысціна Бародзіч.

Хлебаробаў вітаў старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачанка. Ён узнагародзіў Ганаровымі граматамі вядучага агранома сельскагаспадарчага філіяла “СГЦ “Задняпроўскі” Вольгу Бязлюдаву і галоўнага інжынера ГП “Межава-Агра” Аляксандра Мяфодава.

Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачанка нагадаў усім, што пастаўленая старшынёй аблвыканкама задача па дасягненні намалоту ў 155 тысяч тон зерня не амбіцыёзная, а рэальна выконваемая. Ён таксама падкрэсліў, што да 2023 года Аршаншчына павінна атрымліваць больш за 200 тысяч тон зерня.

– Дзякуй усім за добрасумленную працу! Шчасця вам і поспехаў ва ўсіх пачынаннях, – пажадаў аграрыям Ігар Ісачанка.

Павіншаваў усіх са святам апошняга снапа і генеральны дырэктар ААТ “Аршанскі КХП” Сяргей Герасімец. Ён уручыў Ганаровыя граматы Аршанскага райвыканкама начальніку аддзела эксплуатацыі транспартных сродкаў КХП Анатолю Міхновічу і начальніку аддзела збыту і маркетынгу Алегу Міронаву.

А вось музычны падарунак для хлебаробаў падрыхтавала заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева і гурт “Прыгажуні”. Сваімі песнямі яна падарыла ўсім добры настрой.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.