Вуліца Караткевіча ў Оршы і дом, дзе жыў пісьменнік. Што вядома пра іх?

У нашым горадзе ёсць старыя куточкі, вуліцы, дамы, звязаныя з імёнамі славутых землякоў. Вось і на гэтай невялікай вуліцы, якая знаходзіцца амаль у цэнтры горада і з 1987 года носіць імя Уладзіміра Караткевіча, у доме № 10 жыў наш знакаміты зямляк. Гэта месца яго юнацтва.

У гэтым доме ў 1956-1958 г. жыў беларускі пісьменнік Ул. Караткевіч

Вуліца мае багатую гісторыю. У далёкім 1883 г. прадпрымальнік Вайнберг заснаваў тут піваварны завод. Тады і з’явіўся Вайнбергаў завулак. У другой палове 1920-х гадоў завулак быў названы ў гонар вучонага Усевалада Ігнатоўскага. Пасля яго смерці ў 1931 годзе вуліца стала насіць імя Клімента Варашылава. У 1941 г. немцы назвалі яе Браўэрштрасэ (Піваварная вуліца). Пасля вайны вуліцы зноў вярнулі даваеннае імя Варашылава, а з 24 лістапада 1961 г. замянілі назву на вуліцу Касманаўтаў.

“Вуліца Касманаўтаў” – адзін з лепшых лірычных вершаў Уладзіміра Сямёнавіча. Галоўнае на гэтай вуліцы, падкрэслівае пісьменнік у творы, – хата маці – самага роднага і блізкага чалавека ў яго жыцці.

Маці нашага знакамітага земляка Надзея Васільеўна скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве і працавала вясковай настаўніцай. Добра размаўляла на французскай мове. Хату для сям’і перавёз з вёскі і сам складаў бацька Сямён Цімафеевіч. Жылі тут Караткевічы з 1946 года. У гэтай хаце ў пяшчоце і любові выхоўвалася Раіса, маленькая дачка старэйшага брата Валерыя, які загінуў на вайне. Сям’я Караткевічаў, прыехаўшы ў Оршу ў 1944 годзе, знайшла дзяўчынку ў вёсцы і прытуліла яе.

“Сям’я, – сцвярджае Уладзімір Сямёнавіч, – выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго”. Беларускую культуру і наогул культуру ён атрымаў ад сваіх блізкіх – маці, бацькі, дзеда, дзядзькі. Так не перарвалася “сувязь часоў”. А потым ён усё жыццё працаваў над сабой.

Уладзімір Караткевіч

Мне пашчасціла некалькі разоў быць у гэтай хаце. Ступіўшы ў яе, дзівішся, як у невялічкіх пакоях месцілася даволі вялікая сям’я. У. Караткевіч быў шчаслівы: тут яму добра пісалася. Ён любіў вуліцу, дзе сады “залатыя”, “дамы ў пажары каралавых арабін”, вішнёвыя сады. Вучыўся ў школе, маляваў, займаўся музыкай, чытаў, асабліва многа – па гісторыі.
Вуліца памятае, як Караткевіч скончыў школу, як пасля ўніверсітэта працаваў у СШ № 8 настаўнікам, як і яго маці калісьці. Адсюль паехаў у Маскву вучыцца на Вышэйшых літаратурных, потым сцэнарных курсах. Але сюды, на “любімую вуліцу”, ён заўсёды вяртаўся, вяртаўся да маці.

Сваю першую кнігу, першы зборнік вершаў, які выйшаў у снежні 1958 года, ён напісаў на гэтай вуліцы, у гэтай “хаце маці” і назваў “Матчына душа”. І вуліца, і хата – сведкі з’яўлення многіх твораў Ул. Караткевіча і аповесці “Сівая легенда”, п’есы “Млын на Сініх Вірах”, многіх вершаў і перакладаў. У красавіку 1957 года, у час працы настаўнікам у СШ № 8, ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.

Нельга заставацца раўнадушным і не палюбіць вуліцу Касманаўтаў. Ул. Караткевіч з гордасцю адкрыў нам сваю вуліцу, будзем і мы адкрываць сваю. Зараз вуліца Уладзіміра Караткевіча пачынаецца з мемарыяльнай дошкі на старым будынку з яго гарэльефам, уладкаваным у гонар 60-годдзя паэта. Амаль насупраць будынка з гарэльефам Ул. Караткевіча – царква. У святочныя дні над вуліцай гучыць дзіўны чароўны звон, як памяць аб сыне зямлі беларускай. Плыве ён над хатай нашага знакамітага земляка, яго вішнёвым садам і далей за Днепр.

Вуліцу малююць. У музеі У. С. Караткевіча вас сустрэне яркі пейзаж “Вуліца Уладзіміра Караткевіча” мастака В. Ральцэвіча. Цішыня ў гэтыя лістападаўскія дні на вуліцы нашага дарагога земляка. Паветра насычана пахам яго любімага Дняпра. А вада ў ім ужо шэрая, халодная. Любая вуліца памятае голас паэта, чытанне вершаў, размовы з маці, спеў, смех, яго крокі. Захад сонца сёння над вуліцай чырвоны, як на палотнах Віктара Грамыкі. Хата асірацела. Але жыве ў ёй і матчына душа, і бацькава сэрца.

Тамара ІГНАЦЬЕВА,
краязнаўца.
Фота А. ШУРДУКОВАЙ.