Сур’ёзныя планы на будучыню

Навучэнцы Смальянскай сярэдняй школы Таццяна Шмат, Дзяніс Барысенка, Міхаіл Таможнікаў, Кацярына Каляда і Ганна Вайдзілевіч (на здымку) ужо сёння задумваюцца пра будучыню. Кожны будуе свае планы адносна таго, якой сцяжынкай пайсці пасля атрымання атэстата “даросласці”.

Таня Шмат – сямікласніца, выдатніца вучобы, актывістка. Яе больш цікавяць гуманітарныя навукі. Урокі рускай і беларускай мовы, літаратуры для яе самыя любімыя. А яшчэ Таня сур’ёзна захапляецца спортам, а дакладней, валейболам.

Дзевяцікласнік Дзяніс Барысенка таксама паспяховы вучань і выдатны спартсмен. Свой лёс ён, хутчэй за ўсё, звяжа з тэхнічнай спецыяльнасцю, бо вельмі любіць фізіку і матэматыку.

Аматар футбола і геаграфіі Міхаіл Таможнікаў, які вучыцца ў сёмым класе, марыць аднойчы адправіцца ў падарожжа па розных краінах свету. У першую чаргу наведае Аргенціну.

Кацярына Каляда ўжо даўно вырашыла, што будзе ўрачом. Дзяўчына вучыцца ў дзясятым класе, але ўжо сёння грунтоўна рыхтуецца да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Яна з’яўляецца пастаяннай удзельніцай абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, знаходзіць час і для заняткаў валейболам.

Ганна Вайдзілевіч сёлета выпускніца, прэтэндэнтка на залаты медаль. Збіраецца паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт, каб стаць перакладчыкам. Аня – творчая натура, з чатырох гадоў захапляецца музыкай і вакалам, у­дзельнічае ў раённых конкурсах і фестывалях.

Вось такія яны, вучні Смальянскай сярэдняй школы!

Настасся ТУРОК.

Добавить комментарий