Убачымся праз год

Праз 45 гадоў пасля заканчэння Смальянскага тэхнікума выпускнікі агранамічнага аддзялення зноў сустрэліся ў сваёй альма-матэр. Мы не адразу пазнавалі адзін аднаго, але колькі радасных пачуццяў і эмоцый перажылі за некалькі гадзін сустрэчы – не перадаць словамі!

Тады, у 1961 годзе, на вучобу ў тэхнікум прыехалі тыя, хто нарадзіўся адразу пасля вайны. Былі сярод нас і навучэнцы, перажыўшыя жудаснае ваеннае ліхалецце, жыхары вялікіх і маленькіх вёсак. Паверце, мы вельмі хацелі, каб наша зямля-матухна хутчэй стала даваць высокія ўра­джаі сельскагаспадарчых культур. Менавіта дзеля гэтага ёй і патрэбны былі адукаваныя спецыялісты.

У гэты дзень 4 чэрвеня мы ­ўзгадвалі, якімі складанымі былі ўмовы вучобы. У інтэрнаце не было электрычнасці, і па раніцах і ўвечары ўключалі дызельны дзвіжок. Каб нагрэць у пакоях, самі тапілі грубкі, жылі ўпрогаладзь. Тым не менш, вучыцца было вельмі цікава. У той час практыка на фермах, плодапітомніках, палях і садах доўжылася на працягу сямі месяцаў, і мы ўсе стараліся зарабіць капейку, бо тады маглі купіць сабе сёе-тое з вопраткі ці абутку. На бацькоў спадзяванняў не было, па той прычыне, што ў сям’ях заставалася яшчэ па некалькі малодшых братоў і сясцёр. Закончылі вучобу мы ў 1966 годзе і раз’ехаліся па розных куточках роднай Беларусі. Працавалі брыгадзірамі, аграномамі, дырэктарамі саўгасаў і г.д. Амаль праз паўвека сустрэліся – і тых гадоў, як не было.

Мы ўспаміналі аднакурснікаў, на жаль, шмат каго з іх, як і былых выкладчыкаў, ужо няма на гэтым свеце, хадзілі па нашых сцежках-дарожках, дзячылі альма-матэр за навуку. А колькі трэба было расказаць! Кожны за гэтыя 45 гадоў зрабіў многа карыснага на дабрабыт радзімы і “аброс” сям’ёй. Сёння нашы выпускнікі ўжо сталыя людзі. Іх асноўным клопатам сталі дзеці, унукі, дача. Хацелася напісаць і здароўе, але бачылі б вы, як расправіліся плечы ў маіх аднагодкаў, як зазіхацелі вочы, і як усе горача захацелі сустрэцца зноў. Ад імя Ніны Гурынай, Нэлі Леанені, Міхаіла Задоры, Галіны Луцэнка, Аляксея Манькоўскага, Веры і Уладзіміра Дадзеркіных, Міхаіла Азарава, Марыі Глебавай, Алены Драгун я, Алена Мацюшэўская, як арганізатар сустрэчы, запрашаю сустрэцца разам з намі выпускнікоў 1966 года 11, 12, 13, 21 і 22 груп агранамічнага аддзялення у 2012 годзе каля старога будынка тэхнікума.

А. Мацюшэўская,
тэл. (8-0216)29-92-46.

Добавить комментарий