У чым сакрэт поспеху гаспадаркі «Ларынаўка»

На працягу апошніх пяці гадоў СВК “Ларынаўка” стабільна ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па вытворчасці малака. Высокія паказчыкі ў гэтай гаспадарцы як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве сталі ўжо заканамернасцю, вынікам напружанай працы ўсяго калектыву пад кіраўніцтвам Аляксандра Кухцянкова.

Жывёлаводы Л. Брусочкіна і Т. Юрчанка

Не стаў выключэннем для “Ларынаўкі” і 2021 год. Ураджайнасць зерневых культур тут традыцыйна самая высокая на Віцебшчыне – не менш за 75 ц/га, а малака атрымліваюць больш за 12 тысяч кілаграмаў. Паказчыкі і сапраўды ўражваюць! У мінулым го­дзе сярэдні ўдой на карову склаў 12081 кг. Сярэдні заробак за год у Ларынаўцы ­– 2200 рублёў.

Стаўку на малако ларынаўцы зрабілі ўжо даўно. Яго вытворчасць – асноўная галіна гаспадаркі, якая дае пастаянны прыбытак на працягу ўсяго года. Апошнія некалькі гадоў тут заняліся маштабным будаўніцтвам – узвялі чатыры арачнікі для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, кожны на 240 галоў. Канструкцыя такіх “шатроў” вельмі простая. На яе зборку патрэбна ўсяго некалькі месяцаў, затое ўмовы для рагуль створаны самыя што ні на ёсць аптымальныя: цеплыня, святло і прастора. Зараз у арачніках знаходзіцца каля 800 галоў КРС.

– На дасягнутым спыняцца не збіраемся, – сцвярджае старшыня СВК “Ларынаўка” Аляксандр Кухцянкоў. – Харчовая бяспека – гэта сёння пытанне нумар адзін. Лічу, што для тых, хто зараз працуе на зямлі, настаў час вялікіх магчымасцяў. Толькі не трэба, як кажуць у народзе, спаць у шапку, а неабходна дзейнічаць. Мы таксама маем намер не спыняцца на дасягнутым. Пачалі будаваць яшчэ два арачнікі, грунтоўна рыхтуемся і да пасяўной кампаніі.

Аператары машыннага даення А. Кухарэнка і І. Жолудзева

Высокія вынікі па вытворчасці малака – гэта дасягненне ўсяго калектыву “Ларынаўкі”, дзе кожны спецыяліст на вагу золата, і ў першую чаргу тых, хто працуе на малочнатаварным комплексе “Шугайлава”. МТК сёння абслугоўваюць усяго 25 чалавек, але ўсе яны – прафесіяналы сваёй справы. Звяно аператараў машыннага даення ў складзе Алены Кухарэнкі, Святланы Міхайлавай, Наталлі Сіваконь і Алены Ісакавай пастаянна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў раёне і вобласці па вытворчасці малака. Некаторыя з іх у СВК “Ларынаўка” працуюць не адзін дзясятак гадоў.

Безумоўна, утрымліваць высокую планку – задача няпростая, але для калектыву адной з лепшых гаспадарак краіны нічога зверхардынарнага няма, бо тут прывыклі працаваць адной камандай добрасумленна і самааддана. У гэтым і заключаецца іх сакрэт поспехаў, якія з кожным годам толькі памнажаюцца і даюць натхненне на дасягненне ўсё новых і новых вяршынь.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.