У цяжкую гадзіну Вялікай Айчыннай

Майму прадзеду Аляксею Піменавічу Кудраўцову ў гады Вялікай Айчыннай вайны прыйшлося вытрымаць нямала. Падчас вайны ён не дасягнуў узросту, пры якім бяруць служыць у войска, і таму яго, на той час яшчэ зусім маладога, немцы пагналі ў Нямеччыну ў г. Георгіеўск (цяпер тэрыторыя сучаснай Польшчы), дзе ён прабыў тры гады. Два яго старэйшыя браты – Іван і Сяргей загінулі. Іван яшчэ ў Фінскую вайну, а Сяргей у сярэдзіне Вялікай Айчыннай пад Мурманскам.
Спачатку дзядуля працаваў на ваен-ным заводзе, дзе разам з іншымі работнікамі, збіваў скрыні. Там іх кармілі заціркай з бручкі і напоем з капусты.
У дзядулі быў сябар з суседняга барака – некалі настаяцель касцёла, палонны француз Жак, родам з мястэчка за 40 км ад Парыжа, які служыў немцам. Ён часта прыносіў дзядулю хлеб са словамі: “Алекс еш, а то не выжывеш” і злаваўся на беларускага сябра за тое, што той не еў адразу хлеб, а нёс у свой барак, каб падзяліцца з астатнімі. Усе яны хацелі аднаго – перамогі над немцамі і нават тайна адкусвалі “капялюшыкі” цвікоў, каб скрыні праз некаторы час разваліліся.
А аднойчы на заводзе п’яны немец пачаў біць плёткай хлопчыка. Дзядуля не вытрымаў і стукнуў п’янага немца. Потым усіх дапытвалі, спрабуючы высвятліць, хто падняў руку на немца. Дзядулю ніхто не збіраўся выдаваць, але ўсё ж адзін здраднік, дарэчы, яго зямляк, знайшоўся…
Дзядулю пасадзілі ў карцэр, дзе яму зусім не давалі есці і на працягу месяца прыйшлося стаяць па калена ў вадзе. І толькі на ноч адкрывалі дзверы – дазвалялі легчы. Але немцы так і не змаглі атрымаць ад астатніх работнікаў пацвярджэння таго, што менавіта Аляксей Піменавіч Кудраўцоў стукнуў немца, і дзядуля зноў атрымаў допуск да работы. А здраднік стаў паліцаем.
Калі савецкія войскі дайшлі да Нямеччыны, дзядуля вярнуўся дадому і пасля вайны працягваў падтрымліваць сувязь з французам, дасылаючы яму лісты. А над здраднікам адбыўся суд, на які прыязджаў і мой дзядуля, але зла на земляка ён ужо зусім не трымаў. Толькі ў 1982 годзе былы паліцай заехаў у родную вёску, каб папрасіць у дзядулі прабачэння. На што дзядуля адказаў: “Я ўжо на ўсё забыўся – цяжкі тады час быў”.
Мой прадзед Аляксей разам з жонкай Аляксандрай вырасціў шасцёра дзяцей, у яго 14 унукаў. Памёр ён у вёсцы Коршыкава Дубровенскага раёна ва ўзросце 67 гадоў.
А. ШЛЫК,
вучаніца 5 “А” класа СШ №17.

Добавить комментарий