РОДНАЕ СЛОВА! МЫ ЗАХАВАЕМ ЦЯБЕ ПРАЗ СТАГОДДЗІ!

Спецыяльны штэмпель, створаны мастаком Яўгенам Сіманенкам для мастацкага канверта, выпушчанага Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь з нагоды свята

Беларускае пісьменства мае старажытныя і багатыя традыцыі. Гісторыя нашага пісьменства – гэта “сузор’е”, сярод якога зіхацяць імёны Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і Спірыдона Собаля. Нельга не ўспомніць і стваральнікаў сучаснай мовы беларусаў – Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага… Наш народ ганарыцца сярэдневяковымі помнікамі – Статутамі Вялікага княства Літоўскага. Гісторыю роднага краю беларусы могуць вывучыць па летапісах.

Маштабнае святкаванне Дня беларускага пісьменства пачалося ў 1994 годзе. Вельмі сімвалічна, што першымі прыняў гасцей старажытны Полацк. Гэта калыска нашай дзяржавы, горад ганарыцца сваімі слыннымі сынамі і дочкамі. На радзіме Францыска Скарыны свята праходзіла і ў 2003 годзе. Не менш сімвалічна і тое, што другім горадам, які прыняў свята, стаў старажытны Тураў. Тут жыў і плённа працаваў пісьменнік і асветнік Кірыла Тураўскі, якого нашы продкі называлі “Златавустам”. Дарэчы, Тураў два разы станавіўся сталіцай Дня беларускага пісьменства. У 1996 годзе гасцей прымаў Навагрудак, у 1997 г. свята прайшло ў горадзе Радзівілаў Нясвіжы. Наша Орша таксама станавілася сталіцай Дня беларускага пісьменства. У 1998 годзе ў горадзе над Дняпром, на радзіме першага беларускага “Буквара” і Ула­дзіміра Караткевіча, прайшлі святочныя мерапрыемствы, на якія з’ехаліся пісьменнікі і паэты, аматары роднага слова.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства право­дзіцца ў гістарычных цэнтрах навукі, культуры і літаратуры. У розныя гады свята прымалі Пінск (1999), Заслаўе (2000), Мсціслаў (2001), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Шклоў (2007), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010).

Сёлета свята праходзіць у невялікім гарадку Ганцавічы. З гэтым краем звязаны імёны вядомага фалькларыста і этнографа Аляксандра Сержпутоўскага і пісьменніка Канстанціна Міцкевіча – сусветна вядомага Якуба Коласа. Канстанцін Міхайлавіч настаўнічаў у вёсцы Люсіна пад Ганцавічамі, а пазней напісаў пра гэтую пару ў трылогіі “На ростанях”.

Марына Марыніна.

One thought on “РОДНАЕ СЛОВА! МЫ ЗАХАВАЕМ ЦЯБЕ ПРАЗ СТАГОДДЗІ!

Добавить комментарий