9 красавіка каталікі святкуюць Пасху | віншаванне

Пасха – гэта габрэйскае свята, якое адзначаецца ў гонар выхаду габрэйскага народу з егіпецкай няволі.

Тады, некалькі тысяч год таму, людзі ўжо пагадзіліся са сваім цяжкім становішчам, прызвычаіліся, змірыліся са сваім лёсам рабоў. Але не пагадзіўся Бог! Ён паклікаў слугу свайго Майсея і праз яго ўчыніў вялікія цуды, выводзячы свой “аслеплы” народ з няволі егіпцянаў.

Народ вызваліўся з матэрыяльнага рабства Егіпта, але надалей заставаўся ў намнога больш небяспечным духоўным рабстве сатаны, у няволі граху. Менавіта таму патрэбна была Новая Пасха, якую ўчыніў новы Майсей – Езус Хрыстус, Сын Божы. Гэта Ён адкрыў зачыненыя для нас брамы раю, паказаў Любоў Нябеснага Айца, сэнс чалавечага жыцця і абяцаную зямлю ў нябеснай Айчыне. Чалавек ніколі не зразумее і не зможа належным чынам цаніць Пасхі Езуса Хрыста, пакуль не спазнае праўду пра сябе, пра сваю слабасць, чалавечую абмежаванасць і немач.

Ад імя каталікоў жадаю ўсім жыхарам горада Оршы ўбачыць ва Уваскрослым Езусе Настаўніка, які вучыць нас сузіраць на гісторыю чалавецтва і нашу асабістую рэчаіс­насць вачыма Бога Збаўцы. Няхай вас натхняе Яго жывая прысутнасць пасярод вашых сем’яў і месцаў працы, каб кожны жыхар нашага горада мог спазнаць магутнасць Уваскрасення! Са святам Пасхі!

Айцец Вадзім Мізер МІС,
настаяцель касцёла святога Юзафа.

Парадак пасхальных набажэнстваў у касцёле Святога Юзафа (вул. Савецкая, 6):

8 красавiка кожную гадзіну з 8.00 да 17.00 – пасвячэнне страў на велікодны стол.
8 красавiка, 21.00 – начная пасхальная літургія (прамая трансляцыя: тэлеканалы «Беларусь-4 Віцебск» і «Віцебск»).
9 красавiка, 11.00 – Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана.

Парадак пасхальных набажэнстваў у касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі (вул. Магілёўская, 81):

8 красавiка, 10.00, 14.00 і пасля Пасхальнай Вігіліі – пасвячэнне страў на велікодны стол.
8 красавiка, 19.00 – начная пасхальная літургія.
9 красавiка, 8.00 – Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (Імша рэзурэкцыйная).