Зроблена з душой

Беларусь – краіна блакітных стужак-рэчак, празрыстых бяздонных вочак-азёраў і густых старадаўніх лясоў. На нашай зямлі спрадвеку людзі займаліся разьбярствам па дрэве. З дубу і ліпы, сасны і бярозы нашы продкі рабілі мэблю і прадметы побыту. Чалавек заўсёды імкнуўся да прыгожага, таму і з прыроднага матэрыялу навучыўся вырабляць сапраўдныя шэдэўры.

"Маці"

У музеі драўлянай скульптуры рэзчыка С. Шаўрова працуе выстава “З душой і сэрцам”. Прысвечана экспазіцыя 95-годдзю з дня нараджэння Сямёна Сцяпанавіча. На выставе прапанаваны работы з фондавых збораў музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Наведвальнікі ўбачаць драўляныя скульптуры рэзчыкаў С. Залатарскага, С. Вараб’ёва, А. Баброва, М. Крукоўскага, С. Шаўрова. Тэматыка экспанатаў – самая разнастайная. Уражваюць сваёй непаўторнасцю, застаўляюць усміхнуцца скульптуры С. Вараб’ёва “Шасцісоты” і “Рыбка”. Багата прадстаўлены жывёльны свет. На выставе можна ўбачыць сапраўдны заапарк, у якім пасяліліся “Мя­дзведзь”, “Дзік”, “Леў”, “Вепр”, “Сабака”, “Бык”, “Тыгр” С. Шаўрова, “Дыназаўры”, “Два яшчуры” С. Залатарскага, “Кукушонак” А. Баброва.

Ва ўсе часы разьбяры звярталіся да міфало­гіі і фальклору свайго народа. Гэту традыцыю майстры працягваюць і сёння. На выставе “З душой і сэрцам” выклі­каюць інтарэс скульптуры “Князь і чараўнік”, “Баба Яга”, аўтар якіх Сямён Шаўроў. З павагай і пяшчотай разьбяры паказваюць простых людзей, сярод якіх “Гусляр” (работа М. Крукоўскага), “Гарманіст” (С. Шаўроў) і іншыя. А колькі цеплыні ўкла­дзена ў скульптурную кампазіцыю С. Шаўрова “Маці”! Аўтар стварыў Мадонну, сэрца якой перапоўнена любоўю да свайго немаўляці. Гэта сапраўдны гімн мацярынству.

Калі ў вас, паважаныя чытачы “Аршанкі”, таксама ёсць жаданне навучыцца няпростаму віду мастацтва – разьбярству па дрэве, прыходзьце ў гэты дзівосны музей. Тут працуе гурток “Юны разьбяр”. Кіраўнік Алег Ціханкоў дапаможа вам авалодаць традыцыйным рамяством беларусаў. Заняткі ў гуртку бясплатныя.

21 верасня ў 14.00 на тэрыторыі музея адбудзецца “Вечар-партрэт майстра Шаўрова”, прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння Сямёна Сцяпанавіча. У мерапрыемстве прымуць удзел народны ансамбль народнай музыкі і песні “Крынічанька” і іншыя калектывы Палаца культуры Барані.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий