Беларуская мова – наш гонар i слава

9 верасня ў Аршанскай раённай бібліятэцы адбылося свята, прысвечанае Дню беларускага пісьменства i друку, “Беларуская мова – наш гонар i слава”.

“Слова любіць, каб яго гаварылі, Слова любіць, каб яго шанавалі, Слова любіць, каб з iм раіліся. Пачаткам усяго існага было Слова: пра гэта нагадвае самая вялікая старажытная i мудрая кніга. А вялікая i мудрая гісторыя чалавецтва сведчыць пра тое, што роднае самабытнае Слова кожнага з народаў – гэта выток яго непаўторнасці, аснова культуры”, – так распачалося свята ў бібліятэцы.

Свята беларускага пісьменства дае магчымасць дакрануцца да вытокаў нашай духоўнасці, прасачыць сувязь гісторыі i сучаснасці. Яно стала традыцыйным i адзначаецца на ўзроўні дзяржавы. Бо жывучасць мовы – гэта веліч краіны.

Пятро Васючэнка

Добрая традыцыя – запрашаць у бібліятэку нашых калег, прапагандыстаў роднага слова. I гэтым разам да нас завіталі госці са сталіцы: Пятро Васільевіч Васючэнка – беларускі пісьменнік, драматург, крытык, працуе загадчыкам кафедры беларускай мовы i літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта; Зося Іванаўна Кустава – супрацоўніца выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Да свята была падрыхтавана кніжная выстава “Родная мова, цудоўная мова, Ты нашых думак уток i аснова!”, а таксама выстава, прысвечаная беларускаму пісьменніку П. Васючэнку, “Талент шчыры, чалавечны”.

На сустрэчу завіталі настаўнікі i вучні Бабініцкай СШ, удзельнікі клуба цікавых сустрэч “Гармонія”. Гучалі песні ў выкананні І. Канопліч.

Падчас сустрэчы вялася цікавая, змястоўная гаворка пра мову, слова, літаратуру. Зрабіла свой падарунак гасцям мясцовая паэтка, удзельніца клуба “Гармонія” Н. Лялік, якая выканала свой верш “Родная мова” (гасцям вельмі спадабалася), а Аляксандра Фазлеева спела песню. Адбыўся кірмаш кнігі П. Васючэнкі.

Л. Лагунова,

метадыст АБМ.

Добавить комментарий