Александрыя сабрала сяброў

Аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў мінулую суботу зноў стаў цэнтрам прыцягнення тысяч гасцей. На беразе Дняпра, на скрыжаванні двух абласцей – Магілёўскай і Віцебскай, у чатырнаццаты раз адбылося маштабнае свята “Купалле”. Традыцыйна ў ім прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым годзе рэкордная колькасць гасцей прыехала ў Александрыю – каля 80 тысяч чалавек. (Для параўнання, у мінулым годзе гэта лічба дасягала 70 тысяч чалавек). Александрыя, як заўжды, сабрала шматлікіх сяброў з розных куткоў Беларусі і Расіі. Яркую палітру народнай творчасці прадставілі больш за 80 майстроў з 20 рэгіёнаў Расіі. На свята прыехалі ўмельцы нават з Алтайскага краю. Юлія Двініна – адна з іх. Яна ўпершыню прыехала ў Беларусь. З Алтаю прывезла ганчарныя вырабы.

– Я здзіўлена такім высокім узроўнем падрыхтоўкі і правядзення свята, а таксама яго маштабамі, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Юлія. – Атмасфера проста цудоўная. Абяцаю сюды вярнуцца на наступны год, бо мне вельмі спадабалася.

Вясёлая музыка, купальскія песні даносіліся з кожнага падвор’я. На беразе Дняпра вырас сапраўдны горад са сваімі вулачкамі і святочнай атмасферай. Тут разгарнуліся тэматычныя пляцоўкі, дзе можна было набыць прадукцыю беларускай вытворчасці, вырабы народных умельцаў, пабачыць дасягненні навукі, інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Традыцыйна ўдзел у свяце прынялі і аршанцы – копыскія і аршанскія рамеснікі, прадпрыемствы Аршанскага аграпрамысловага аб’яднання і льнокамбіната.

Дарэчы, падвор’е Віцебскай вобласці наведаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін.

Ён азнаёміўся з навінкамі прадукцыі Аршанскага мясакансервавага камбіната, ОршаСырЗавода і інш.

Фестываль “Александрыя збірае сяброў” даўно стаў нашым нацыянальным брэндам, таму штогод яго наведваюць не только беларусы, а і шматлікія турысты. Ніхто ў той дзень не пайшоў са свята без сувеніраў і падарункаў, бо іх было столькі, што можна было разгубіцца ад разнастайнага выбару. Асаблівым попытам карысталася прадукцыя “Мерч Першага”. За вырабамі з цытатамі Прэзідэнта выстрайваліся вялізныя чэргі.

На цырымоніі адкрыцця купальскага фестывалю да гасцей звярнуўся віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Ён адзначыў, што з кожным годам на свяце робіцца акцэнт на моладзь, тут з’яўляюцца новыя актыўнасці:
– Калі моладзь актыўна падхоплівае традыцыі свята, то гэта сведчыць пра тое, што яно развіваецца і будзе жыць.

Галоўнай падзеяй купальскага фестывалю стаў гала-канцэрт пад назвай “Будет очень интересно!”, які сабраў 3 тысячы гледачоў. На яго адкрыцці выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

– Александрыя зноў паклікала сяброў. I зноў мы тут разам. Сабраліся, каб на імгненне спыніць шалёны бег часу і звярнуцца да сваіх вытокаў. Хаця б у думках. Сёння тут, на маляўнічым беразе Дняпра, надзвычай моцна б’ецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі. Мы бачым яе ў творчасці таленавітых майстроў, у мелодыі народных песень, у сюжэтах старажытных абрадаў і ў чараўніцтве купальскай ночы, – сказаў Прэзiдэнт.

Ён падкрэслiў, што фестываль увасабляе ўсё тое, што ў Беларусi з гонарам лічаць спрадвечнай спадчынай:
– Гэта найвялiкшая каштоўнасць чалавечых адносін, заснаваных на сяброўстве, узаемнай павазе i гасціннасці. Тут усё гэта ёсць. Гэта каштоўнасць свайго роду, які працягваецца дзякуючы моцным традыцыям сям’i, клопату пра бацькоў, любові да дзяцей. І штогод мы бачым, як сюды едуць сем’ямі і беларусы, і нашы паважаныя госці.

Наш фестываль таксама ўвасабляе каштоўнасць гістарычнай памяці. Памяці пра сваё слаўнае мінулае, пра тое, што Беларусь – наша зямля. I карані нашы – старажытныя. Гэтую сувязь стагоддзяў мы адчуваем тут асабліва востра. І менавiта тут мы разумеем каштоўнасць нашага культурнага кода. У ім з самага пачатку былi закладзены імкненне беларусаў да справядлівасці, высокая маральнасць і патрыятызм. На такіх прынцыпах пабудавана і развіваецца сёння наша нацыянальная дзяржава, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

– Нам штодзённа спрабуюць навязаць так званыя ўніверсальныя каштоўнасці. Але ж яны не для нас. Глабальная дзяржава будучага – гэта ўтопія. Свет ніколі не будзе монакультурным. Няма такой ідэі, дзеля якой усе нацыі адмовіліся б ад сваіх этнічнай гісторыі, ладу жыцця і традыцый. Тым больш сёння, калі мы бачым, як руйнуюцца лёсы цэлых народаў, якія бяздумна сякуць карані дрэва сваёй гісторыі, непакояць магілы продкаў, змагаюцца з помнікамі. Мы бачым гэта і разумеем, што без нацыянальнай годнасці няма і не можа быць волі, суверэнітэту, павагі і бяспекі, – падкрэслiў беларускi лiдар.

– І зараз, калі ў свеце працягваецца барацьба за захаванне менавіта каштоўнаснай асновы дзяржавы, сапраўды незалежныя нацыі робяць усё, каб зберагчы свой самабытны лад жыцця. Народы аб’ядноўвае не культура адмены, а дыялог культур. У гэтым галоўны сэнс нашага свята. Вось тое, што натхняе нас на развіццё. Штогод Александрыя запрашае сяброў з усяго свету дзеля міру і стварэння! – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гала-канцэрт “Будет очень интересно!”, як заўжды – яркая і незабыўная падзея рэспубліканскага свята. Перад гледачамі выступілі беларускія і расійскія выканаўцы: Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Саладуха, Уладзімір Правалінскі, группа «Аура», Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Жанет, Руслан Аляхно, арт-гурт «Беларусы», ансамблі «Сябры» и «Верасы», фіналісты тэлепраектаў «Фактор. BY» и «Звездный путь», саліст рок-гурта «Земляне» Сяргей Скачкоў, а таксама заслужаныя артысткі Расіі Зара і Надзея Кадышава. Завяршыўся фестиваль «Александрыя збірае сяброў» святочным салютам і дыскатэкай.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.
У тэксце выкарыстаны матэрыялы БелТА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.