Для сябе і на падарунак

“Залатыя правілы народнай культуры”, Аксана Катовіч, Янка Крук. “Адукацыя і выхаванне”, Мінск, 2011 г.

У кнігарнях ужо з’явіліся календары з цмокамі – жартаўлівымі і мульцяшнымі, зубаста-ваяўнічымі і дзіўнаватымі ў чырвоных з пампонам святочных капелюшах – гэткія календары кожны новы год мы змяняем на сценах пакояў, на працы, імкнучыся “схапіць” поспех за хвост – то лускаваты, то кручком, то з пер’яў… Выбар календара залежыць ад… настрою, бадай, і ўсё. Як часта мы не заўважаем палёт часу на гадзінніке, гэтак жа мы не заўважаем і каляндар – не адчуваем важнае, прыроднае, касмічнае значэнне і асаблівасць кожнага дня года! Прабягаем па жыцці ў спешцы, схапіўшы пад пахі свайго цмока ў рулоне, страчваючы тое, што ўмелі разгледзець нашыя мудрыя, разважлівыя продкі, якія адчувалі непарыўную сувязь чалавека і прыроды, чалавека і часу. Кніга “Залатыя правілы народнай культуры” нагадвае, што наша “высокатэхналагічнае” існаванне – не выключэнне з законаў прыроды, гісторыі і сусвету.

У кнігарні “Родник” кажуць, што за кнігай “Залатыя правілы народнай культуры” чытачы прыходзяць мэтанакіравана і набываюць часам па два экземпляры (можна і на падарунак: тоўстае выданне з прыгожа аформленай цвёрдай вокладкай каштуе крыху больш за 20 тысяч). Згодна з анатацыяй, кніга – а гэта ўжо яе 6-е перавыданне – разлічана на выкладчыкаў, фалькларыстаў, аднак цікавіць яна куды больш шырокае кола чытачоў. Тут можна знайсці адказы на добрую сотню пытанняў: як правільна выбіраць імя нованароджанаму, як і калі яго хрысціць, як выбраць хросных бацькоў, якое значэнне надавалася першаму купанню дзіцяці, першаму кармленню, з’яўленню першага зуба, першаму самастойна зробленаму кроку; як правільна выбраць дзень вяселля, калі набывать заручальныя пярсцёнкі, якой павінна быць шлюбная сукенка, з якім арнаментам трэба выбіраць рушнік, на якім маладыя будуць стаяць у храме падчас шлюбу, якая роля на вяселлі адводзіцца хросным бацькам, як сустрэць маладых на парозе роднай хаты, як згатаваць і падзяліць каравай, што рабіць з букетам нявесты і шмат якія іншыя. Перанесці комплекс абрадаў народнай беларускай культуры ў рэчаіснасць, у паўсядзённасць сёння наўрад ці магчыма, аднак проста пазнаёміцца з гэтай культурай, зразумець яе з дапамогай кнігі “Залатыя правілы народнай культуры” будзе надзвычай цікава і карысна кожнаму.

“Ангельская мята”, Маргерыт Дзюрас, “АСТ, Астрель”, 2011 г.

Знайдзіце твор Маргерыт Дзюрас, лаўрэаткі Ганкураўскай прэміі, на паліцы кнігарні, і вам пашчасціць на цудоўны вечар з незвычайнай кнігай, напісанай вытанчанай, багатай мовай! Калі вы аматар дэтэктываў, значыцца, карыстаючыся зведаннымі з класікі жанру прынцыпамі логікі і метадамі даўгавусых, з сівой пасмай на галаве, прыхільнікаў трубак, скрыпак і архідэй, вы здолееце адшукаць рэдкую дэтэктыўную аповесць аўтаркі «Ангельская мята» ў кнігарні «Родник» сярод сучасных дэтэктываў. Аднак надалей рыхтуйцеся да незвычайных уражанняў. Да сюрпрызаў. Калі вы чакаеце ад жанра дэтэктыва чагосьці новага, нязвыклага, тады «Ангельская мята» для вас у першую чаргу. Мяркуйце самі: дэтэктыў напісаны выключана простай мовай, тэкст аповесці – запісы на магнітафонную стужку трох допытаў: следчага са злачынцай, яе мужам і іх сябрам. Толькі дыялогі, ніякіх аўтарскіх каментарыяў. Прыслухоўвайцеся да таго, пра што кажуць героі, удумвайцеся, ацэньвайце, здагадвайцеся… У чытача гэтай разлічанай на слыхавое ўспрыняцце аповесці часам складваецца адчуванне, што пошукі схаваных ісцін вядуцца ўпоцемку, усляпую! Слухаючы самога сябе падчас чытання дыялогаў-допытаў, чытач нібыта размаўляе з сабой на розныя галасы, замыкаецца, застаецца сам-насам… Такі вось спосаб зразумець забойцу, якая, як мы даведаемся, большую частку жыцця праводзіла адна ў садзе, дзе расла мята, і думала, думала, думала… Знайсці разгадку галоўнага пытання дэтэктыўнай аповесці, а гэта не выкрыццё злачынцы – яшчэ адзін парадокс «Ангельскай мяты» як дэтэктыву – забойца вядомы загадзя – варта знайсці матыў злачынства. А ён ну ніяк не знаходзіцца. Пэўныя факты забойства збіраюцца па размовах-допытах, як часткі цела трупа, якія следчыя знаходзяць па таварных цягніках па ўсёй Францыі і заўважаюць, што ўсе цягнікі праходзілі праз адну агульную станцую – там і было здзейснена злачынства. Гэта сюжэт. Аднак ніхто не можа знайсці галаву трупа – сімвалічна, гэта матыў, рацыянальнасць, саму сутнасць злачынства. Ці здолеюць у выніку адшукаць іх следчы і чытачы? Яшчэ адна цікавая акалічнасць: для перамогі важна задаць злачынцы правільнае пытанне (з допыту забойцы: “Калі б мне задалі правільнае пытанне, я б адразу знайшла адказ”) – парадокс: у дэтэктыўнай аповесці не злачынцы прыйдзецца падбіраць «правільныя» адказы так, каб заблытаць следчага, а наадварот, следчым і чытачам прыйдзецца шукаць галоўнае, адно, правільнае пытанне, каб выкрыць нарэшце матыў! Як сфармуляваць гэтае важнае пытанне? Цікава? Тады галаваломка «Ангельскай мяты» для вас. Дэтэктыў – незвычайны жанр для Маргерыт Дзюрас, пісьменніцы, рэжысёра, сцэнарыста, акцёркі; безумоўна, “Ангельская мята” – не “чысты” дэтэктыў, а дасціпная гульня ў жанр. Маргерыт Дзюрас – дагэтуль адна з самых модных аўтарак у Еўропе.

Наталля Дашкевіч.

Кнігі для агляду прадастаўлены кнігарняй “Родник”, г. Орша, вул. Міру, д.7.

Добавить комментарий