Сцежкамі славутага песняра

Маляўнічы куток старадаўняй Аршанскай зямлі Ляўкі зноў сабраў разам усіх прыхільнікаў творчасці беларускага песняра Янкі Купалы на абласным свяце паэзіі «Звіні, спявай, Купалаўская ліра!», прысвечанага 130-гадоваму юбілею з дня нараджэння славутага класіка. Паэтаў і пісьменнікаў з Мінска, Віцебска, Оршы і Аршанскага раёна на ўваходзе ў мемарыяльны запаведнік сустракалі караваем і з песнямі гасцінныя гаспадар і гаспадыня, а таксама ўдзельнікі Арэхаўскага народнага хору і хору ветэранаў народнага аматарскага аб’яднання “Зямны час”.

Ганаровымі гасцямі свята паэзіі сталі вядомыя паэты і пісьменнікі Беларусі – старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Тамара Краснова-Гусачэнка, лаўрэат літаратурнай прэміі імя К. Крапівы Павел Саковіч, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхась Башлакоў, лаўрэаты прэміі Віцебскага аблвыканкама імя У. Караткевіча Вольга Русілка і Барыс Беляжэнка, аршанскія творцы Канстанцін Нілаў, Анатоль Прохараў, а таксама намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Ала Цярэнцьева, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Мартынава, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў Аршанскага райвыканкама. На дачу вядомага песняра завіталі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, работнікі культуры Аршаншчыны, бібліятэкары, настаўнікі, жыхары Ляўкоў і бліжэйшых вёсак.

Янка Купала з’яўляецца гонарам беларускай нацыі, яго імя гучыць далёка за межамі нашай краіны. Сёлетні год аб’яўлены ў Беларусі Годам кнігі, і сімвалічна, што менавіта ў гэты год адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, стагоддзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Усё гэта сведчыць пра асобае стаўленне дзяржавы да беларускіх творцаў, значнасці кнігі, як асноўнай крыніцы ведаў і духоўнага развіцця чалавека.

Са святочна ўпрыгожанай сцэны гучалі творы сучасных паэтаў і празаікаў, песні ў гонар беларускага літаратара. Нумарамі мастацкай самадзейнасці радавалі калектывы Аршаншчыны – фальклорны гурт “Аршаначка” Антонаўскага Дома культуры, народны ансамбль песні “Родныя напевы” Межаўскага Дома культуры, зводны квінцэт баяністаў Забалацкай і Бабініцкай дзіцячых школ мастацтваў, гурт “Гагарынскія музыкі” Вусценскага мясцовага Дома культуры, народны ансамбль народнай песні “Дубраўка” Зубрэвіцкага Дома культуры, ансамбль песні і музыкі “Выцінанка” Межаўскай ДМШ і іншыя. Аддаць даніну павагі вялікаму паэту прыехалі калектывы Браслаўскага, Докшыцкага раёнаў, узорнага ансамбля танца “Ві-За-Ві” і іншыя.

Народныя ўмельцы Аршанскага раёна і горада Оршы, Цэнтра творчасці і рамёстваў г. п. Копысь, а таксама Шклоўскага, Талачынскага, Гарадоцкага і Лепельскага раёнаў арганізавалі для ўдзельнікаў свята выставу-продаж сваіх вырабаў. Былі прадстаўлены разнастайныя прысмакі беларускай кухні. Кожны мог прыняць удзел у насычанай гульнёвай праграме, бяспройгрышнай латарэі, конкурсе чытальнікаў твораў Янкі Купалы. У бібліятэчным гарадку былі арганізаваны творчыя выставы, народныя аматарскія аб’яднанні прадставілі свае візітоўкі. Супрацоўнікі музея правялі для гасцей юбілейнай сустрэчы экскурсію па музеі Янкі Купалы.

Святочны настрой ні на хвіліну не пакідаў прысутных. Тут панавала асаблівая атмасфера цеплыні і добразычлівасці. Песні, вершы краналі сэрцы і сагравалі душы. Па традыцыі, да скульптурнай кампазіцыі А. Анікейчыка “Восень паэта” былі ўскладзены кветкі.

Анжэла ШУРДУКОВА.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: лаўрэат літаратурнай прэміі імя К. Крапівы Павел Саковіч; народныя ўмельцы праводзяць майстар-клас; госці свята прымаюць актыўны ўдзел у конкурснай праграме; ансамбль песні і музыкі “Выцінанка” Межаўскай ДМШ.

Добавить комментарий