Як прайшоў Дзень пісьменства ў Касцюковічах | фота

У мінулыя выхадныя горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці стаў сталіцай ХХХIII Дня беларускага пісьменства. Журналісты «Аршанкі», як заўжды, былі ў цэнтры падзей.

На галоўнай сцэне адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Прывітальны адрас ад імя Прэзідэнта зачытала намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч.

Праграма Дня беларускай пісьменства была вельмі насычаная. У Касцюковічы прыехалі госці з усіх куткоў Беларусі, у тым ліку і дэлегацыя Віцебскай вобласці на чале з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Віктарам Пралічам.

У рамках свята праходзіў фестываль кнігі і прэсы, дзе свае тэматычныя экспазіцыі прадстаўляла кожная вобласць. Выстава кніг і праектаў СМІ Віцебшчыны была прысвечана Году беларускай жанчыны. Сярод іх і сумесны праект «Аршанскай газеты» з Ваенна-гістарычным музеем імя К. С. Заслонава «Жанчыны Перамогі».

Таксама ў Касцюковічах упершыню адкрыўся музей рэдкай кнігі ў рамках Дня беларускага пісьменства. Музей заняў больш за трыста квадратных метраў. Тут для гасцей фестывалю сабралі рарытэты кнігадрукавання з усёй краіны. Аршанская ЦРБ прэзентавала таксама свою інсталяцыю пад назвай «Кабінет Янкі Сіпакова».

У ёй былі прадстаўлены кнігі з фонду творцы, а таксама выданні з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. Акрамя таго, увазе наведвальнікаў прадстаўлены асабістыя рэчы Янкі Сіпакова, якія яго сям’я перадала ў дар бібліятэцы. Сярод іх – пішучая машынка, на якой працаваў наш знакаміты пісьменнік-зямляк, настольная лямпа, дакументы, з якімі ён працаваў, і іншыя памятныя прадметы.

Свае работы у горадзе майстроў на свяце прадставілі і рамеснікі Віцебшчыны. Адметна, што Аршанскі Дом ремёстваў адкрываў экспазіцыю Прыдзвінскага краю. Нашы майстры прывезлі на Дзень пісьменства гліняныя статуэткі нашага знакамітага земляка Ул. Караткевіча, а таксама песняра Ул. Мулявіна, тэматычныя магніты, паштоўкі і іншыя сувеніры.

Свята пісьменства і друкаванага слова ў Кастюковічах прайшло цікава, яскрава і маштабна. У 2027 годзе сталіцай Дня пісьменства стане горад Маладзечна Мінскай вобласці.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.