Цана хлебнага коласа

Аляксей і Ігар –  “рэкардсмены палёў”. У мінулым годзе яны былі лідэрамі ўборачнай кампаніі сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў. Не здаюць яны сваіх пазіцый  і сёлета. Малады імпэт, жаданне  добрасумленна працаваць і азарт саперніцтва падштурхоўваюць хлопцаў да гарачай барацьбы на хлебнай ніве. Кожную хвіліну яны выкарыстоўваюць максімальна рацыянальна, бо ад гэтага залежыць іх поспех.

Камбайнеры Аляксей Парчэўскі і Ігар Клімянкоў першымі на Віцебшчыне сярод маладых хлебаробаў намалацілі тысячу тон зерня. Свой “пераможны” рубеж яны пераадолелі 31 ліпеня.

… Дарога да вёскі Чарное, ля якой маладыя хлебаробы збіралі ўраджай, няблізкая. Аднак у гэта падарожжа мы са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Мурашкам і начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама Алай Лаута адправіліся невыпадкова. Сказаць шчырае “дзякуй”, паціснуць руку і ўручыць  каштоўныя падарункі за  паспяховую працу – здавалася б, звычайная цырымонія. Аднак менавіта такая ўвага з боку мясцовай улады, адміністрацыі гаспадарак, па меркаванні маіх спадарожнікаў, падштурхоўвае хлебаробаў працаваць яшчэ з большай аддачай, бо каму з іх не хочацца быць у ліку лепшых?!

Маладыя хлебаробы літаральна на некалькі хвілін спынілі свой камбайн, калі ўбачылі, што да іх прыехала дэлегацыя. Віктар Уладзіміравіч Мурашка і Ала Браніславаўна Лаута, уручыўшы Ганаровыя граматы і падарункі, выказалі спадзяванне, што Аляксей і Ігар не здадуць сваіх пазіцый, а будуць упарта рухацца да новага рэкорду. На развітанне хлопцы паабяцалі, што паста-раюцца ўбраць збожжа ў максімальна сціслыя тэрміны і  з мінімальнымі стратамі.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий