Жніўны настрой

Механізатар СВК “Ларынаўка” Мікалай Захарэнка – добрасумленны, руплівы працаўнік. За якую  справу не возьмецца – зробіць яе бездакорна, хутка і, што немалаважна, якасна. Вось і на жніве ён заўсёды сярод лепшых.

Сёлета Мікалай Уладзіміравіч першы сярод аграрыяў Віцебшчыны намалаціў 1500 тон зерня. Працуе механізатар на “Лексіёне-580” у адной звязцы з вадзіцелем  Сяргеем Каткоўскім, што станоўча ўплывае на тэмпы ўборкі ўраджаю. Яны абодва вопытныя спецыялісты сельскай гаспадаркі і ведаюць сваю справу на ўсе сто балаў. Жніво пачынаюць у шэсць гадзін раніцы, а дадому  вяртаюцца ўжо ў прыцемках.

“Добра, што тэхніка  не падводзіць і ўсе адпаведныя ўмовы для работы створаны”, – расказвае Мікалай Захарэнка, – а гэта самае галоўнае на шляху да багатага намалоту збожжа”.

На мінулым тыдні “чэмпіёнаў” жніўнага спаборніцтва павіншавалі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктар Мурашка, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Ларынаўка” Наталля Іўкіна і галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Каплун. Ганаровую грамату, падарункі, кветкі і пажаданні баявога настрою і смачнага караваю героі жніва прымалі ад гасцей адразу на хлебнай ніве. У размове з карэспандэнтам “АГ” Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі запэўнілі, што 1500 тон збожжа – гэта не апошні рэкорд, які яшчэ яны пераадоляць.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий