ДАРОГІ БАЦЬКОЎ – ШЛЯХІ СЫНОЎ

Сёлетняя ўборачная кампанія для сямейнага экіпажа Анатоля і Андрэя Маршалавых першая на Аршан­шчыне, а дакладней, у ААТ “Маяк Высокае”. А ўвогуле, у працоўнай біяграфіі хлебаробаў іх было столькі, што і не пералічыць.

89-3 89-3

Анатоль Нічыпаравіч – карэнны селянін. Усё жыццё працаваў на Дубровен­шчыне ў сельскай гаспадарцы. З маленства побач з ім быў і сын Андрэй. Як узгадвае бацька, хлопец яшчэ да педалей вялікагрузнай машыны не даставаў, а ўжо імкнуўся дапамагаць падчас пасяўной кампаніі, на нарыхтоўцы кармоў, таму добра ведае, якой нялёгкай цаной даецца хлеб. Сам Андрэй Маршалаў працуе аператарам ачышчальных збудаванняў Дубровенскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зараз знаходзіцца ў водпуску, але пра які адпачынак можна казаць, калі ў разгары ўборка ўраджаю. Разам з бацькам ён сеў за камбайн, і цяпер яны на пару шчы­руюць на палетках ААТ “Маяк Высокае”, прычым, паспяхова. 5 жніўня сямейны экіпаж камбайнераў Маршалавых перасягнуў тысячны рубеж па намалоце зерня. З гэтай нагоды ў гэты ж дзень прыехаў павіншаваць лідараў жніва старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алег Макарэвіч. Памятны падарунак хлебаробам уручыла і кіраўніцтва гаспадаркі. Старшы камбайнер Анатоль Нічыпаравіч нават крыху разгубіўся падчас віншавальнай цырымоніі. “Калі працуеш у полі, зусім не думаеш пра ўзнагароды і дасягненні, – прызнаўся хлебароб. – Думкі толькі ў адным накірунку – хутчэй убраць збожжа”. Акрамя “тысячнікаў” Маршалавых, у “Маяку Высокім” ёсць і іншыя лідары жніва. Так, на адвозцы зерня ўпэўнена ідзе да перамогі вадзіцель Эдуард Маскаленка. На 6 жніўня ён перавёз 2368 тон зерня, а на зернесушыльным комплексе за­даюць тэмп аператары Аляксандр Мазго і Сяргей Іваноў, якія высушылі ўжо 7500 тон зерня. Да тысячнага рубяжа дайшлі і экіпажы ў складзе Ю. Пачатоўскага, А. Міранкова; М. Малахава, А. Альхоўкі, а таксама маладзёжны экіпаж у скла­дзе П. Каткоўскага і Д. Дылько. Застаецца пажадаць працаўнікам сельскагаспадарчага прадпрыемства трымаць такую высокую планку і верыць у поспех!

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий