Шматгранны талент

Уладзімір Караткевіч

Геній Уладзіміра Караткевіча ярка і непаўторна раскрыўся не толькі ў паэзіі і прозе, драматургіі і публіцыстыцы. Мала хто ведае, што аўтар —“Ладдзі роспачы” быў яшчэ і добрым мастаком.

Старэйшая сястра пісьменніка Наталля Кучкоўская ўспамінала: “Перш, чым з кнігай, ён пасябраваў з алоўкам. Расфарбоўваў кніжкі-размалёўкі, потым перайшоў да ўласных малюнкаў. Маляваў чалавечкаў, зусім маленькіх, велічынёю паўтара-два сантыметры, і рабіў гэта хутка. Намалюе дваццаць такіх чалавечкаў, і ніводны з іх не падобны на другога, усе розныя… Валодзя любіў ілюстраваць казкі, якія мы яму чыталі. Ён іх добра запамінаў і кожную мог па-свойму намаляваць.” Нэля Галубовіч-Казак узгадвала такі выпадак: “Пасля гульні ў схованкі ці ў жмуркі пачалі маляваць. Валодзя фарбаваў дошкі ў намаляваным плоце кожную ў іншы колер: адна чырвоная, другая сіняя, трэцяя жоўтая і г. д. Я раблю яму заўвагу: “Так не бывае. Дзе ты гэтакі плот бачыў? Усе дошкі альбо зялёныя, альбо жоўтыя.” A ён адказвае: “Усе аднолькавыя, гэта так сумна.”

Караткевіч заўсёды жартаваў, вельмі часта яго малюнкі былі менавіта гумарыстычныя. Улетку 1967 года абараняў кандыдацкую дысертацыю Вячаслаў Рагойша. Літаратуразнавец вельмі хваляваўся і таму аўдыторыю перад сабой бачыў як у тумане. Тым больш апошнія рады прысутных, дзе сядзеў і нешта старанна запісваў (як здавалася) Уладзімір Караткевіч, з якім Рагойша пазнаёміўся годам раней. Абарона закончылася паспяхова. “Другая частка” адбывалася ў кафэ “Тэатральнае”. Адным з першых слова ўзяў Караткевіч. “Абарона была такая выдатная, што ўжо сёння, не чакаючы, калі табе ВАКнецца, мы вырашылі ўручыць табе свой дыплом. Паслухай…” I Караткевіч сваім зычным, выдатна пастаўленым акцёрскім голасам стаў чытаць:

“Дыплём”

Шматпаважанаму мэтру, ілюстрымісе Рагойшу, як беларускія, так і іншыя элаквенцыі майстру, які вырас сам, без дапамогі тых, што “дапамагалі яму расці”, як сцвярджае ён у сціпласці сваёй. На знак таго, што спасцігнуў ён навукі, што калі ёсць танк, то ён — глабальная ракета.

На знак таго, што кандыдат ён у правадзейныя члены акадэміі, a карэспандэнт-членам яму не быць, бо “ежалі розуму ў каго не хапае, але карысць навуцы можа прынесці — тым лічыцца членамі-карэспандэнтамі”.

Табе ж прэзідэнтам акадэміі быці або рэктарам быці, а іначай — не!!!”

Потым на “дыплёме” распісаліся навукоўцы, і “дакумент” быў уручаны В. Рагойшу. Паглядзець было на што! “Дыплём”, намаляваны  на асобных лістках белай паперы, быў апраўлены ў вокладкі з такой жа паперы. Вось чым займаўся Вало-дзя, старанна нешта крэмзаючы за сталом вучонай аўдыторыі! На першай старонцы вокладкі, на фоне запаленай паходні, стаяла: “На абароне адной дысертацыі. 1967 год. 14 чэрвеня”. Яшчэ ніжэй: “Мэтру Славу Рагойшу ад падмайстра Вовы Караткевіча”. Затым, на асобных лістках-укладышах, ішлі партрэты прысутных. Некалькімі скупымі штрыхамі Караткевіч не толькі “схопліваў” рэальныя рысы тых ці іншых абліччаў, але і перадаваў характар чалавека. Былі тут і малюнкі, што ўслаў-ляюць самога дысертанта: шарж “Муза вянчае Славу” і яго партрэт з подпісам “vers libre”. Апошняя старонка вокладкі “Дыплёма” таксама не пуставала. На ёй — багіня Перамогі з запаленай паходняй, што сядзіць на спіне льва — сімвале моцы і ўлады. I подпіс у духу Караткевіча: “Светачу чалавецтва ад сяброў-падсвечнікаў”…

Дарэчы, у Оршы выйшла кніга “Свет вачыма Караткевіча”. На яе старонках – аўтапартрэты, карыкатуры, шаржы, сабраныя з розных крыніц.

Марына СЯМАШКА

Добавить комментарий