Друкар па прызванні

У сэнс жыцця чалавека народная мудрасць уклала тры задачы: пабудаваць дом, выгадаваць сына, пасадзіць дрэва. У Валянціна Васільевіча Паўлава – друкара Аршанскай друкарні (на здымку), той жа сэнс існавання, праўда, з некаторымі папраўкамі.

У яго ёсць дом, сям’я, жонка Наталля Аляксееўна і дачка Таццяна. Разам яны ладзяць сваё жыццё, як і ўсе добрыя людзі з іх клопатамі, трывогамі, здзяйсненнямі і надзеямі. Валянцін Васільевіч адчувае за сабой большую адказнасць, паколькі па праву лічыць сябе галоўным у сям’і. Дзеля дабрабыту шмат працуе.

На прадпрыемстве ведаюць, з якой адказнасцю ён ставіцца да даручанай справы, паказваючы сапраўдныя ўзоры майстэрства. Валянцін друкуе ў першую чаргу газеты – дубровенскую, талачынскую, крупскую, “Трыбуну тэкстыльшчыка” льнокамбіната і “Аршанскую газету”. Газетчыкі, якія не раз сутыкаліся з ім падчас працы, заўсёды бачаць у Паўлаве строгага крытыка, але яны ж адначасна адчуваюць з яго боку павагу да сябе і разуменне існуючых праблем.

Прадукцыя, выпускаемая Паўлавым, заўсёды добрай якасці. У працэсе работы ён сочыць за захаваннем тэхналагічных працэсаў. Кожны месяц выконвае і перавыконвае норму выпрацоўкі. Многія таварышы па працы могуць смела назваць Валянціна Васільевіча сваім настаўнікам, бо ўласным прафесіяналізмам ён дае прыклад маладым рабочым.

Нарадзіўся Валянцін Паўлаў у эстонскім горадзе Тарту ў сям’і ваеннага, якая ў 1980 годзе абаснавалася ў Оршы. Тут Валянцін скончыў школу, потым технікум чыгуначнага транспарту. У Аршанскай друкарні працуе з 1994 года. У 2002 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. За добрасумленную і шматгадовую працу мае падзякі, у 2008 годзе яго партрэт быў змешчаны на Дошцы гонару. У гэтым чалавеку ўдала спалучаюцца і працавітасць, і адказнасць, і спрадвечная народная мудрасць.

Людміла ЛЮДМІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий