У Крапіўна адраджаюць традыцыі кірмашоў

У нядзелю аграгарадок Крапіўна запрасіў усіх мясцовых жыхароў на восеньскі кірмаш – вялікае свята, якое падарыла шмат пазітыўных эмоцый.

На цэнтральнай плошчы разгарнуўся шырокі продаж сельскагаспадарчай, харчовай прадукцыі. Таксама гандлявалі таварамі паўсядзённага попыту. Агракамбінат “Юбілейны”, “Задняпроўскі”, філіял “Цяплічны”, індывідуальныя прадпрымальнікі прапаноўвалі сяльчанам садавіну, агародніну, мясныя вырабы, саджанцы, зерне і іншае. А для добрага настрою Крапівенскі сельсавет разам з творчымі калектывамі ГЦК “Перамога”, мясцовымі артыстамі, супрацоўнікамі Дома культуры арганізавалі брэндавае свята. Па ўсёй акрузе гучалі звонкія песні, прыпеўкі, жарты. Удзельнікаў мерапрыемства запрашалі пачаставацца сапраўднай крапівенскай юшкай і духмянымі прысмакамі. Тут таксама арганізавалі выставу загатовак з агародніны і садавіны ўраджаю сёлетняга года.
Са святам жыхароў аграгарадка павіншавала старшыня Крапівенскага сельсавета Святлана Кіжло. Яна таксама назвала лепшых гаспадароў па добраўпарадкаванні падвор’яў. А іх у Крапіўна нямала: Кацярына Гаўрылаўна Пераскокава, Валянціна Фёдараўна Клепча, Любоў Ціханаўна Марозава, Антаніна Аляксееўна Слуцкая, Міхаіл Ягоравіч Шалуха, Рэгіна Васільеўна Карсакова. Адзначыла Святлана Іванаўна і сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе шмат гадоў. Так, Яніна Адамаўна і Аляксандр Канстанцінавіч Шалуха, Таццяна Альфрэдаўна і Аляксандр Кузьміч Шастаковы ў каханні і згодзе жывуць 45 гадоў. А вось самым маленькім жыхаром Крапіўна лічыцца Дзяніс Гаранькоў, а доўгажыхаром – Надзея Прохараўна Андронік.
Сумна на кірмашы не было нікому. Заняткі знайшліся на любы густ. Можна было папытаць сваё шчасце ў бяспройгрышнай латарэі, падзівіцца экспанатамі выставы крапівенскіх прысмакаў з мукі. Дарэчы, чаго тут толькі не было: аладкі, булкі, пячэнне, пірагі і нават вясельны каравай. Для дзяцей працавалі атракцыёны, можна было пачаставацца рознымі салодкімі прысмакамі. Адным словам, свята атрымалася вясёлым, цікавым, нават незвычайным.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий