У аршанскім падполлі. Бывай, Орша!

Выконваючы бязглузды загад Гітлера ўзяць Маскву, дзікая, узброеная да зубоў фашысцкая лавіна ламілася наперад. Фарсіраваўшы Бярэзіну, вораг рваўся да Дняпра. На подступах да гэтага важнага рубяжа ён сутыкнуўся з магутнасцю нашага агню, сапраўдным гераізмам савецкіх воінаў. На поўнач і захад ад Оршы 6 ліпеня трэцяй танкавай групе ворага нанесла магутны контрудар 20-я армія генерала П. А. Курачкіна.

Над горадам вісела пагроза. І перад камуністамі Аршаншчыны паўстала задача: не пакінуць ворагу ніводнага станка, ні кілаграма металу і паліва, ні пуда хлеба.
І вось адзін за адным на ўсход пайшлі эшалоны, гружаныя абсталяваннем заводаў і фабрык, сельскагаспадарчымі машынамі, збожжам. Накіравалася на ўсход калгасная жывёла.

У гэтай напружанай рабоце зноў вялікае значэнне меў чыгуначны вузел. Эвакуацыя абсталявання паравознага дэпо праводзілася ў апошнюю чаргу, пасля таго, як на прадпрыемствах горада не засталося ніводнага станка, ніводнай тоны сыравіны.
Эвакуацыяй прадпрыемстваў вузла кіраваў

К. С. Заслонаў. Забяспечваючы бесперабойны рух транспарту ў бок фронту і назад, чыгуначнікі-аршанцы змаглі адправіць углыб краіны ўсё каштоўнае, не пакідаючы ворагу нават тормазнай калодкі. 13 ліпеня 1941 года кіраўнікі эвакуацыі на чале з К. С. Заслонавым пакідалі Оршу. «Бывай, родны горад, – шапталі яны, – мы яшчэ вернемся…»
А неўзабаве фашысты іменна ў раёне Оршы адчулі сакрушальную сілу савецкай ракетнай тэхнікі. Рвучыся на Смаленск, яны сканцэнтравалі на вузле мноства ваенных эшалонаў. І ў гэты час сюды абрушыўся шквал жалеза і агню, змятаючы ўсё на сваім шляху. У выніку былі знішчаны многія сотні гітлераўцаў, згарэла многа варожай тэхнікі, узляцелі ў паветра боепрыпасы, рухомы састаў. Гэта быў ракетны ўраган, які ў самым пачатку вайны скіравалі на гітлераўцаў артылерысты батарэі капітана Флёрава, сеючы ў радах заваёўнікаў паніку і смерць.

(Працяг будзе).
Падрыхтавала В. Мільто.

(«Ленінскі прызыў»,
№ 141 (10.119), 7 кастрычніка 1966 года)