Будучы выбаршчык: што трэба ведаць?

І зноў школа актыўнага грамадзяніна дачакалася сваіх слухачоў. Як і ва ўсіх школах краіны, у Крапівенскай яслях-саду-сярэдняй школе прайшоў адзіны дзень інфармавання “Я – будучы выбаршчык”.

Тэма сёння вельмі актуальная. Усім вядома, што зараз у Беларусі праходзіць парламенцкая выбарчая кампанія. Выбары ў Савет Рэспублікі прызначаны на 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – на 17 лістапада. І не далёка той час, калі ўсё дарослае насельніцтва, каму споўнілася 18 гадоў, будзе ўдзельнічаць у выбарах.

Гасцямі сустрэчы сталі старшыня выбарчай камісіі выбарчага ўчастка № 72, дырэктар Крапівенскай яслей-сада-сярэдняй школы Ірына Філіповіч і сакратар выбарчай камісіі выбарчага ўчастка № 73, настаўнік пачатковых класаў Любоў Лабусава. Яны растлумачылі вучням, што значыць быць выбаршчыкам, чаму грамадзянам краіны важна рэалізаваць сваё выбарчае права і хто мае права быць абраным у Палату прадстаўнікоў. Старшакласнікі паразважалі над тым, якімі якасцямі павінен валодаць кандыдат у дэпутаты. У фокусе абмеркавання былі такія паняцці, як выбары, выбаршчык і яго правы, Парламент, актыўная жыццёвая пазіцыя, грамадзянская адказнасць і сталасць.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Мядз­ведзева пазнаёміла вучняў з работай маладзёжнага парламентарызму. Школьнікі на прыкладах Маладзёжных палат розных узроўняў убачылі, як у палітычным і эканамічным жыцці краіны можа ўдзельнічаць грамадзянін, які не дасягнуў выбарчага ўзросту, і якія пытанні ўзнімаюцца ў мясцовых арганізацыях – Маладзёжнай палаце раёна. А пасля гэтага пагаварылі аб тым, якія пытанні можна вырашыць праз органы вучнёўскага самакіравання.

У канцы размовы вучні зрабілі вывад, што ад актыўнай пазіцыі кожнага чалавека залежыць, як будзе жыць краіна.

Т. ЛЕГАНЬКОВА,
педагог-арганізатар.